Уладзімір Познер: Смяротнае пакаранне - гэта помста, больш нічога
Вядомы расійскі журналіст Уладзімір Познер правёў у Мінску 25 лютага творчы вечар і адказаў на пытанні гледачоў. У адным з іх была закранутая тэма смяротнага пакарання.
Як пішуць naviny.by, адна з глядачак у зале ад імя «беларускіх гуманістаў» падарыла Познеру кнігу, прысвечаную праблеме адмены смяротнага пакарання. «У Расійскай Федэрацыі цяпер пачалі гаварыць пра тое, што трэба да гэтага вярнуцца, у Беларусі ж мы змагаемся, каб смяротнае пакаранне адмянілі. Мае калегі, публікацыі якіх вы знойдзеце тут, папрасілі, каб я гэтую кнігу перадала», - сказала яна.
Познер падзякаваў госцю за пытанне і адзначыў, што смяротнае пакаранне з'яўляецца не больш чым актам помсты: «Мы ж хочам помсціць, гэта ж помста, больш нічога».
«У цэлым шэрагу краін зразумелі, што, па-першае, калі вы хрысціянін, то вы не маеце права забіваць, - сказаў журналіст. - У цэлым шэрагу краін смяротнай кары няма ўжо шмат гадоў, і там менш забойстваў, чым тады, калі яна была, гэта статыстычна даказана. Я абсалютна перакананы, што не патрэбна смяротнае пакаранне. Па закону або без закона, адбіраць у чалавека жыццё нельга!»
«Пажыццёвае зняволенне можа быць больш страшным. Ізаляваць назаўжды ад грамадства - гэта страшней, але забіваць нельга», - дадаў ён.
У той жа час Познер звярнуў увагу на тое, што прага крыві - адна з чалавечых рысаў: «Я вас запэўніваю, калі б абвясцілі, што на галоўнай плошчы Мінска заўтра будзе публічнае пакаранне, уяўляеце, колькі там народа набярэцца? Ды ўвесь горад збяжыцца паглядзець! Гэта факт, гэта праўда».