ПАСЕ прапанавала ўвесці ў Беларусі мараторый на смяротнае пакаранне
«Свет без смяротнага пакарання не стане слабейшым, ён толькі палепшыцца», - упэўнены прадстаўнік Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Андрэа Рыгоні. Гэта быў адзін з яго аргументаў на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску, дзе абмяркоўвалі, чаму наша краіна павінна ўвесці мараторый на выключную меру пакарання. Ён таксама даў зразумець, што такое рашэнне дапаможа больш прадуктыўнаму дыялогу афіцыйнага Мінска з Еўрасаюзам.
Пра гэта паведамляе інтэрнэт-патал Tut.by.
- Мы не патрабуем, каб Беларусь абрала паміж Усходам і Захадам. Тут трэба толькі знайсці баланс. Мы хочам толькі таго, каб у краіне галоўную ролю мелі правы чалавека, - сказаў прадстаўнік ПАСЕ. - Прапануем ўвесці хаця б мараторый на смяротнае пакаранне, каб паскорыць дыялог паміж Беларуссю і Еўропай.
Андрэа Рыгоні нагадаў, што Беларусь пазбавілася гасцявога статусу ў ПАСЕ пасля рэферэндуму 1996 года. Тады больш за 80% нашых грамадзян выказаліся за захаванне выключнай меры пакарання.
Сёння Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.
- Мы разумеем, што грамадзяне ў Беларусі гэта падтрымліваюць. Але я не думаю, што гэта асноўная перашкода для адмены смяротнага пакарання. Неабходна, каб той, хто кіруе грамадствам, прымушаў яго эвалюцыянаваць, думаць і разважаць. Уся статыстыка кажа аб бескарыснасці смяротнага пакарання. Яна не зніжае ўзроўню злачыннасці, - агучыў пазіцыю ПАСЕ Андрэа Рыгоні. - У Беларусі цяпер гаворка можа ісці аб увядзенні мараторыя як часовай меры. Але мы павінны паспрабаваць і хаця б на год спыніцца.
Рыгоні не выключыў, што мараторый дазволіць Беларусі зноў вярнуцца ў ПАСЕ ў якасці спецыяльнага запрошанага.
У адказ на гэта старшыня рабочай групы беларускага парламента па вывучэнні смяротнай кары Мікалай Самасейка заявіў, што гэтае пытанне не можа быць прадметам палітычнага гандлю.
- ПАСЕ не павінна ставіць нам ультыматумы. Мы павінны абмяркоўваць гэтае пытанне, - сказаў дэпутат.
Праўда, потым дадаў, што дыялог з Еўропай па пытанні смяротнага пакарання быў прыпынены ў 2010. Прычынай сталі санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі.
Мараторый на смяротнае пакаранне можа быць уведзены парламентам ці прэзідэнтам. Але, на думку Самасейкі, грамадства сёння не гатовае да адмены выключнай меры пакарання.
- Мы можам сёння вынесці гэтае пытанне на абмеркаванне ў авальнай зале, але я не гарантую, што яно будзе вырашана станоўча. І гэта будзе толькі крок назад. І яшчэ мы не можам адмахнуцца ад грамадскай думкі, якая ў цяперашні час падтрымлівае смяротнае пакаранне.
Калі грамадства ў цэлым і дэпутаты ў прыватнасці зменяць сваё меркаванне, Мікалай Самасейка спрагназаваць не наважыўся.