Алесь Бяляцкі: Усе залежыць ад палітычнага рашэння (відэа)
У Мінску 10 сакавіка адбылася міжнародная канферэнцыя па пытаннях смяротнага пакарання ў Беларусі. Мерапрыемства арганізаванае прадстаўніцтвам ААН у Беларусі пры фінансавай падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі. На гэтую канферэнцыю, упершыню за апошні час, прыляцелі вельмі высокія прадстаўнікі – спецдакладчык парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня Камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карал Шварцэнберг, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнікі іншых міжнародных арганізацый. Але найважней, што ў Беларусь таксама прыехаў спецыяльны прадстаўнік Еўразвяза па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс.
Гэтую падзею журналіст Беларускага Радыё Рацыя абмеркаваў з прадстаўнікамі ПЦ “Вясна” Алесем Бяляцкім і Валянцінам Стэфановічам.
РР: Як вы ўспрынялі тое, што на гэтую важную канферэнцую не былі запрошаныя прадстаўнікі “Вясны”?
Алесь Бяляцкі: Я ўспрыняў з пэўным песімістычным пачуццём, бо праваабарончы цэнтр “Вясна” займаецца пытаннем смяротнага пакарання ў Беларусі ўжо не першы год. І мы займаемся ім дастаткова сур’ёзна. Фактычна кожны выпадак прысуду да смяротнага пакарання становіцца вядомым грамадскасці менавіта праз працу нашых актывістаў, нашых сяброў “Вясны”, якія сустракаюцца са сваякамі пакараных, атрымліваюць інфармацыю, рыхтуюць яе і затым паведамляюць грамадскасці. Фактычна выключэнне “Вясны” з абсягу гэтай канферэнцыі значыць, што пэўныя структуры, прынамсі, ААН, пагаджаюцца з афіцыйнай пазіцыяй беларускіх уладаў, якая дзеліць беларускіх праваабаронцаў на два лагеры – тых, якія легальна існуюць, і тых, якіх нібыта ў прыродзе няма. Вось мы адносімся да другой катэгорыі.
РР: Я хачу каб зараз да нашай размовы далучыўся Валянцін Стэфановіч. Вы казалі перад эфірам пра тое, што патлумачылі ў Міністэрстве замежных спраў, чаму праваабарончы цэнтр “Вясна” – не зарэгістраваная арганізацыя. А ўвогуле, ці можа быць такое тлумачэнне задавальняючым сёння.
Валянцін Стэфановіч: Па-першае, гэта не першы выпадак, і такія выпадкі мелі месца раней, калі нашую арганізацыю не запрашалі на міжнародныя канферэнцыі, у якіх прымае ўдзел, у той ці іншай якасці Міністэрства замежных спраў Беларусі, і не толькі арганізацыя ААН, але і з Рады Еўропы. А на сённяшняй канферэнцыі прадстаўнік МЗС, намеснік міністра Валянцін Рыбакоў афіцыйна адзначыў тое, што МЗС выступала супраць удзелу прадстаўнікоў нашай арганізацыі ў гэтай канферэнцыі, паколькі мы не маем рэгістрацыі. І ён адзначыў, што гэтая арганізацыя не будзе прымаць удзел у мерапрыемствах, якія арганізуюцца па лініі МЗС. Не будуць прымаць удзел у ніякай якасці – ні ў асабістай, ні ў якасці прадстаўнікоў гэтай арганізацыі. Ён таксама адзначыў, што мы павінны разумець рэаліі, у якіх мы існуем, і калі арганізацыя не зарэгістраваная, то яна не можа прымаць удзел у такой канферэнцыі. Гэта афіцыйная пазіцыя МЗС, афіцыйная пазіцыя урада Рэспублікі Беларусь. Што тут можна адзначыць? Можна сказаць, што ўся гэтая сітуацыя з канферэнцыяй яшчэ раз яскрава прадэманстравала і ўзняла праблему адсутнасці рэгістрацыі праваабарончага цэнтра “Вясна” і не толькі, а ў прынцыпе праблему рэалізацыі свабодных асацыяцый у нашай краіне. Я толькі магу нагадаць, што праваабарончы цэнтр “Вясна” быў ліквідаваны паводле рашэння Вярхоўнага суда ў 2003 годзе, і ліквідацыя нашай арганізацыі прызнана Камітэтам па правах чалавека ААН парушэннем 22-га артыкула Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. І напрацягу 2007-2009 гг. мы тройчы спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю, і тройчы нам адмаўлялі. Гэта таксама прызнана рашэннем Камітэта па правах чалавека ААН парушэннем свабод асацыяцый. І ў прынцыпе, пасля апошняй адмовы рэгістрацыі мы прыйшлі да высновы, што без палітычнага рашэння бессэнсоўна звяртацца па рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Практыка апошніх месяцаў паказвае, што мы мелі рацыю, і час яшчэ, напэўна, не надыйшоў. Бо, напрыклад, „Гавары праўду” адмовілі ў рэгістрацыі 4 разы. БХД адмовілі 6 разоў. І я так разумею, што колькасць не ператвараецца ў якасць. Таму, калі ўлады не гатовыя да рэгістрацыі нашай арганізацыі, то гэта бессэнсоўнае марнатраўства.
РР: Спадар Валянцін, учора ў вас была магчымасць сустрэцца са спецыяльным прадстаўніком Еўразвязу па правах чалавека. Ці падымалі вы ў час сустрэчы гэтыя тэмы? І ўвогуле, як яны адрэагавалі? Бо выходзіць, яны пагадзіліся на беларускую пазіцыю.
Валянцін Стэфановіч: Так, сапраўды. Учора была сустрэча са спецыяльным прадстаўніком па правах чалавека Еўразвязу, якая адбывалася ў офісе нашай арганізацыі. Гэта была прадстаўнічая дэлегацыя. Акрамя самога Ламбрынідзіса былі іншыя еўрапейскія палітыкі. Ламбрынідзіс сказаў, што ён абмяркоўваў гэтую сітуацыю з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. У еўрапейскіх палітыкаў ёсць разуменне нашай пазіцыі, чаму мы не звяртаемся па рэгістрацыю. Мы паўтарылі сваю паліцыю, што якраз хочам быць зарэгістраванымі, але пытанне ў тым, што ўлада не хоча гэтага. І мы абмеркавалі даволі шырокі спектар пытанняў, не толькі датычных гэтай праблемы, якая зноўку тут раптам загарэлася, а больш шырокіх пытанняў – праблемы свабоды асацыяцыяў у прынцыпе, крыміналізацыя незарэгістраваных арганізацый, якая ў нас ёсць у кодэксе, абмежаванне іншых грамадзянскіх і палітычных свабодаў. Так, мы адзначылі, што ёсць некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі ў частцы мірных сходаў, што іх не разганяюць і не затрымліваюць удзельнікаў і не саджаюць за краты, а толькі штрафуюць. Але гэта яшчэ раз яскрава падкрэслівае, што мяняць трэба не практыку, а заканадаўства. Бо практыка – сёння адна, заўтра другая. А ўся рэпрэсіўная база на месцы застаецца.
РР: А што, ўрэшце-рэшт, мы можам чакаць далей? Ці магчымыя нейкія іншыя паляпшэнні з правамі чалавека? Ці магчыма, напрыклад, адмена смяротнага пакарання?
Алесь Бяляцкі: Як і ў выпадку з рэгістрацыяй праваабарончага цэнтра “Вясна”, Валянцін сказаў, што толькі палітычнае рашэнне пра рэгістрацыю, ці не пра рэгістрацыю тут вырашае праблему. Тое самае можна сказаць і пра смяротнае пакаранне. Гэта мусіць быць палітычнае рашэнне. І канферэнцыя з’яўляецца хутчэй за ўсё, мне падаецца, такім уступам да абмеркавання самой тэмы. Беларускія чыноўнікі выказваюцца ў асноўным супраць адмены смяротнага пакарання, спасылаюцца на Рэферэндум, які адбыўся 20 гадоў таму, хоць за гэты час, фактычна, вырасла новае пакаленне беларусаў. Рэальна, мы, вядома, разумеем, што мусіць быць рашэнне Лукашэнкі. Калі эканамічныя ўмовы змусяць яго пайсці на гэты крок, значыць гэта будзе зроблена.