У Івана Куляша застаецца надзея толькі на памілаванне ад імя прэзідэнта

Іван Кулеш у Вярхоўным судзе 29 сакавіка 2016 года.
Іван Кулеш у Вярхоўным судзе 29 сакавіка 2016 года.

Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах 29 сакавіка разгледзела ў апеляцыйным парадку скаргу асуджанага да расстрэлу жыхара Лідскага раёна Івана Куляша. Старшыня калегіі суддзяў- намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч. Раней дата разгляду касацыйнай скаргі Куляша пераносілася двойчы. 20 лістапада 2015 года Гарадзенскім абласным судом ён быў прызнаны вінаватым у забойстве трох прадаўцоў у Лідскім раёне, а таксама ў замаху на забойства, крадзяжы і разбоі.

У ходзе працэсу Іван Кулеш паведаміў, што цалкам згодзен з вынесеным яму прысудам, паколькі пазбавіў чалавека жыцця. Але на пытанне суддзі, ці забіваў ён дваіх прадаўшчыц – адказваць адмовіўся, а вось пра пытанне пра забойства адной -  віну сваю прызнаў і просіць пакінуць прысуд у сіле, паколькі лічыць прысуд справядлівым.

Кажа, што пад час следства яго прымушалі даваць паказанні. Пры адсутнасці адваката з ім працавалі следчыя і аператыўныя работнікі, адвакат жа прыходзіў толькі падпісваць паперы.

Адвакат прасіў замяніць смяротнае пакаранне пазбаўленнем волі на 25 гадоў, паколькі у справе маюцца змякчальныя абставіны, якія былі не ўлічаныя абласным судом пры вынясенні прысуду. У прыватнасці – яўка з павіннай.

Быў дапытаны таксама сын адной з забітых прадавачак, які распавёў, як збег ад Куляша каля магазіна на месцы злачынства, як заўважыў цела маці, як  выклікаў міліцыю і папрасіў пакінуць у сіле смяротны прысуд.

Дзяржаўны абвінаваўца таксама не бачыць падстаў для змякчэння прысуду.

У судзе - перапынак. Вызначэнне калегіі Вярхоўнага суда будзе абвешчана ў 12 гадзін.

Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах пакінула прысуд Гродзенскага абласнога суда Івану Куляшу ў сіле, а скаргу без задавальнення. Яму патлумачылі аб праве на памілаванне ад імя прэзідэнта.

  

20 лістапада 2015 года Гарадзенскі абласны суд пад старшынствам суддзі Анатоля Зайца вынес смяротны прысуд жыхару Лідскага раёна Івану Куляшу.

Ён быў прызнаны вінаватым у трох забойствах, крадзяжы, рабаванні і спробе яшчэ аднаго забойства. Змякчальнымі фактамі былі прызнаныя наяўнасць малалетняга дзіцяці ў Івана Кулеша, яго асабістае прызнанне ў здзяйсненні злачынстваў і яўка з павіннай. Да абцяжарвальных фактараў былі залічаны п’яны стан Куляша ў час злачынстваў і яго ранейшыя злачынствы. Некаторыя нестыкоўкі паказанняў падсуднага з матэрыяламі следства былі аднесены да таго, што ў момант здзяйснення злачынства Кулеш быў п’яны і злачынствы адбыліся досыць даўно. Дарэчы, шмат пытанняў па гэтай справе застаецца і ў журналістаў. 

28-гадовы Іван Кулеш – выхаванец дзіцячага дому, жыў без сям’і, скончыў усяго 9 класаў школы. У 18 год быў асуджаны першы раз за крадзёж. У 2014-м годзе яго абвінавачвалі ў непраўдзівым даносе і крадзяжы. Іван Кулеш афіцыйна нідзе не працаваў. Зарабляў зборам грыбоў і ягад ды іншымі часовымі падзаробкамі. Жыў у вёсцы Сялец Лідскага раёну, хоць і прапісаны ў Баранавіцкім раёне. Мае малалетняе дзіця.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны