На травень прызначаны разгляд скаргі асуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Хмялеўскага
Апеляцыйная скарга асуджанага да смяротнага пакарання жыхара пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Сяргея Хмялеўскага будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе 6 траўня. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.
15 лютага Мінскі абласны суд вынес смяротны прысуд 31-гадоваму жыхару пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Сяргею Хмялеўскаму за жорсткае забойства двух і больш асобаў. Гэты цяжкі прысуд быў вынесены пасля перагляду ягонай крымінальнай справы, па якой раней Хмялеўскі быў асуджаны да пажыццёвага зняволення.
Крымінальная справа была ўзбуджаная ў лістападзе 2014 года, пасля таго як у Мінскім раёне пры тушэнні пажару ў прыватным доме супрацоўнікі МНС знайшлі абгарэлыя целы 49-гадовага мясцовага жыхара і яго 48-гадовай сужыцелькі. На целах загінулых былі выяўленыя шматлікія колата-рэзаныя раны шыі і галавы. Следчыя прыйшлі да высновы, што падпал дома быў ажыццёўлены з мэтай утойвання слядоў злачынства.
Пакідаючы месца злачынства, абвінавачаны ў двары дома забітых сустрэў 57-гадовага аднавяскоўца. Жадаючы пазбавіцца ад сведкі, сапхнуў яго ў бетонную яму глыбінёй два метры. У выніку падзення пацярпеламу былі прычынены шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх праз некалькі тыдняў ён памёр у бальніцы.
Раней абвінавачаны быў неаднаразова судзімы - за крадзеж, рабаванне, разбой, хуліганства, наўмыснае прычыненне менш цяжкага пашкоджання, уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства і ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі.
Нагадаем, разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання Генадзя Якавіцкага адбудзецца ў Вярхоўным судзе 8 красавіка. Пачатак разгляду ў 9-30. Да гэтага дата судовага паседжання некалькі разоў пераносілася.
А сёння Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах разгледзела ў апеляцыйным парадку скаргу асуджанага да расстрэлу жыхара Лідскага раёна Івана Куляша і пакінула прысуд Гродзенскага абласнога суда ў сіле, а скаргу без задавальнення.