Сяргею Хмялеўскаму Вярхоўны суд пакінуў вышэйшую меру

Сяргей Хмялеўскі
Сяргей Хмялеўскі

Апеляцыйная скарга асуджанага да смяротнага пакарання жыхара пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Сяргея Хмялеўскага разгледжаная Калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі сёння, 6 траўня. 

Калегія суддзяў у складзе Аніскевіч, Літвіновіч, Гермянчук прыступіла да разгляду скаргі. Старшыня калегіі заявіў, што судовае паседжанне вядзецца з прымяненнем гуказапісу. У судзе прысутнічаюць адвакаты, сваякі Сяргея Хмялеўскага і пацярпелыя.

Сяргей Хмялеўскі знаходзіцца ў металічнай клетцы ў кайданках. Ён заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд экспертаў, якія праводзілі псіхіятрычную экспертызу і наконт цялесных пашкоджанняў. Пракурор Алена Дзямко выступае супраць выкліку, але адвакаты настойваюць. Суд сыходзіць у дарадчы пакой для прыняцця рашэння аб хадайніцтве.

Суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва Хмялеўскага аб выкліку ў суд экспертаў. 

Суд агалошвае матэрыялы справы. Суддзя адзначыў, што агулам у месцах пазбаўленне волі абвінавачваемы правёў каля 13 гадоў.

У пісьмовай скарзе Хмялеўскі заявіў, што суд не даў належнай ацэнкі заяўленым ім фактам аб тым, што ён даў прызнальныя паказанні пад фізічным і псіхалагічным уздзеяннем супрацоўнікаў міліцыі, у прыватнасці оперупаўнаважанага Б.

Хмялеўскі таксама заявіў у скарзе аб ужыванні да яго катаванняў і іншых недазволеных метадаў, кажа аб парушэнні ў сувязі з вышэйзаяўленым ягонага права на жыццё і прынцыпаў справядлівага суда. Ён лічыць сённяшні суд проста фармальнасцю, які нічога не вырашае і просіць прабачэння ў пацярпелай за забойства брата.

Хмялеўскі заяўляе, што другога чалавека не забіваў, а прызнаўся толькі пасля фізічных ўздзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і катаванняў.

Пасля 13 гадоў у турме ён не мог знайсці сябе на волі, не было працы, стаў выпіваць. Кажа каб дапамаглі псіхолагі, дык гэта б дапамагло. Просіць пажыццёвага зняволення. Гатовы працаваць і аплочваць судовыя зыскі.

Гаворыць пра ўмовы ўтрымання ў спецкалідоры, кажа, што там ён губляе розум, сядзіць у адзіночнай камеры, а раней некаторы час сядзеў з іншым смяротнікам. Хмялеўскі кажа, што заразў яго няма ў камеры і лічыць, што яго маглі расстраляць і гэта цісне псіхалагічна. Ён плача і просіць змякчыць пакаранне і не караць смерцю.

Выступае адвакат Калініна. Кажа, што доказаў віны Хмялеўскага ў забойстве другога чалавека (Елесеенкава) няма, што на яго ўздейнічалі фізічна і падтрымлівае скаргу Хмялеўскага. Адвакат папрасіла суд замяніць вышэйшую меру пакарання на 25 гадоў турмы.

Адвакат Казак кажа, што вывад абласнога суда неабгрунтаваны і яго выснова аб асаблівай жорсткасці здзейсненага злачынства спрэчная. Хмялеўскі агаварыў сябе пад ціскам следчых.  Адвакат кажа, што калі прысуд пакінуць у сіле, Хмялеўскі будзе звяртацца ў міжнародныя інстанцыі, паколькі маецца парушэнне права на справядлівы суд і прымяненне катаванняў. Міжнародныя дакументы, у тым ліку і Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, з’яўляюцца частай прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.

Пацярпелыя Данская і Аляксеенкава згодныя з выракам суда першай інстанцыі, пры гэтым Данская заявіла, што была згодная і з ранейшым прысудам – пажыццёвым зняволеннем.

Прадстаўнік абвінавачвання пракурор Алена Дзямко нязгодная з довадамі абароны.

Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі не задаволіла скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Хмялеўскага: пакінуты ў сіле прысуд Мінскага абласнога суда – расстрэл. 

 

***

15 лютага Мінскі абласны суд вынес смяротны прысуд 31-гадоваму жыхару пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Сяргею Хмялеўскаму за жорсткае забойства двух і больш асобаў. Гэты цяжкі прысуд быў вынесены пасля перагляду ягонай крымінальнай справы, па якой раней Хмялеўскі быў асуджаны да пажыццёвага зняволення.

Крымінальная справа была ўзбуджаная ў лістападзе 2014 года, пасля таго як у Мінскім раёне пры тушэнні пажару ў прыватным доме супрацоўнікі МНС знайшлі абгарэлыя целы 49-гадовага мясцовага жыхара і яго 48-гадовай сужыцелькі. На целах загінулых былі выяўленыя шматлікія колата-рэзаныя раны шыі і галавы. Следчыя прыйшлі да высновы, што падпал дома быў ажыццёўлены з мэтай утойвання слядоў злачынства.

Пакідаючы месца злачынства, абвінавачаны ў двары дома забітых сустрэў 57-гадовага аднавяскоўца. Жадаючы пазбавіцца ад сведкі, сапхнуў яго ў бетонную яму глыбінёй два метры. У выніку падзення пацярпеламу былі прычынены шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх праз некалькі тыдняў ён памёр у бальніцы.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны