У Гомелі – чарговы смяротны прысуд

Сяргей Вострыкаў. Фота tut.by
Сяргей Вострыкаў. Фота tut.by

Гомельскі абласны суд 19 траўня вынес прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтра Сяргею Вострыкаву, абвінавачанаму ў згвалтаванні і забойстве дзвюх маладых жанчын.

Слуханне справы праходзіла ў закрытым рэжыме па этычных меркаваннях.

У сукупнасці прад’яўленага абвінавачання па частках 1 і 2 артыкула 166 (згвалтаванне), частцы 2 артыкула 167 (гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару), частцы 1 артыкула 182 (выкраданне чалавека), пунктах 6,8 і 16 часткі 2 артыкула 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю з мэтай схаваць іншае злачынства), частках 1 і 2 артыкула 205 (крадзеж) Крымінальнага кодэксу яго асудзілі да вышэйшай меры – смяротнага пакарання. Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Паводле следства, Вострыкаў прапаноўваў сваім калегам падвезці іх на працу, а сам завозіў жанчын у гараж, гвалтаваў і забіваў. Целы сваіх ахвяраў ён вывозіў у лес і закопваў.

Першай ахвярай стала 25-гадовая Алеся Панцялеева, якую забілі ў ліпені 2014 года. Праз год пры такіх самых абставінах загінула 27-гадовая Аляўціна Машурыкава. Жанчыны працавалі на адным прадпрыемстве з абвінавачаным. Пасля знікнення другой ахвяры яе муж звярнуўся ў міліцыю. Праваахоўнікам удалося вызначыць аўтамабіль, у якім жанчына перасоўвалася.

Па інфармацыі Следчага камітэту пад час расследавання крымінальнай справы было дапытана каля 200 сведак і праведзены дзесяткі экспертыз.

Сяргей Вострыкаў раней быў судзімы за разбой. Мае жонку і непаўнагадовае дзіця.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны