Тэрміновая акцыя Amnesty International у падтрымку Сяргея Хмялеўскага

“Сяргей Хмялеўскі, які быў прысуджаны да смерці ў Беларусі ў лютым, можа быць расстраляны ў любы момант”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе Amnesty International, распаўсюджаным 20 траўня, пасля таго як Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд, вынесены Мінскім абласным судом.

6 траўня Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд, вынесены Мінскім абласным судом у лютым. Сяргей Хмялеўскі быў прызнаны вінаватым у забойстве прынамсі двух чалавек у Мінскай вобласці, чые абвугленыя целы былі знойдзены ў прыватнай кватэры са шматлікімі нажавымі раненнямі ў вобласці шыі і галавы ў лістападзе 2014 г. Як мяркуецца, трэцяга чалавека, які стаў сведкам таго, як Сяргей Хмялеўскі выходзіў з кватэры, Хмялеўскі штурхнуў у глыбокую яму, і ён пазней памёр ад атрыманых траўмаў.

Сяргей Хмялеўскі быў першапачаткова прысуджаны да пажыццёвага зняволення, але прысуд быў пазней заменены смяротным пакараннем па патрабаванні пракурора. Цяпер Сяргей Хмялеўскі звернецца да прэзідэнта з просьбай пра памілаванне ў якасці апошняй меры прававой абароны, якая, аднак, наўрад ці будзе задаволеная. З часу прыходу да ўлады ў 1994 годзе, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка памілаваў усяго аднаго чалавека. У выпадку, калі ў памілаванні будзе адмоўлена, Сяргей Хмялеўскі можа быць расстраляны неўзабаве пасля гэтага.

У Беларусі смяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананне шляхам стрэлу ў патыліцу. Сем'ям смяротнікаў не паведамляюць пра дату расстрэлу. Ім таксама не дазваляюць у апошні раз сустрэцца з асуджаным. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, целы расстраляных не выдаюцца сем'ям для пахавання, а месца пахавання не раскрываецца.

Законныя прадстаўнікі Сяргея Хмялеўскага накіруюць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Тым не менш, Беларусь працягвае ігнараваць просьбы Камітэта не прыводзіць смяротныя прысуды ў выкананне, пакуль адпаведныя справы знаходзяцца на разглядзе ў Камітэце. З 2010 года ў Беларусі былі расстраляныя восем чалавек, чые справы знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце, у апошні раз 18 красавіка, калі быў расстраляны Сяргей Іваноў, з якім Сяргей Хмялеўскі, як мяркуецца, сядзеў у адной камеры смяротнікаў.

Калі ласка, напішыце неадкладна на беларускай, рускай або сваёй роднай мове:

- заклікаючы прэзідэнта Лукашэнку спыніць усе запланаваныя пакаранні смерцю ў Беларусі і неадкладна замяніць смяротны прысуд Сяргею Хмялеўскаму і ўсім іншым, асуджаным на смерць у Беларусі;

- заклікаючы яго неадкладна ўвесці мараторый на прывядзенне смяротных прысудаў у выкананне з мэтай адмены пакарання смерцю;

- заклікаючы яго пакласці канец сакрэтнасці вакол смяротнага пакарання і адмяніць Артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Беларусі, дзеля таго, каб сем’і пакараных смерцю маглі атрымаць целы сваіх блізкіх для пахавання або ведаць месцы іх пахавання.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны