У пасведчанні аб смерці Сяргея Іванова пазначана: “Прывядзенне прысуду ў выкананне”

Сяргей Іваноў. Кадр з праграмы тэлеканала «Беларусь-1»
Сяргей Іваноў. Кадр з праграмы тэлеканала «Беларусь-1»

Сваякі асуджанага да смяротнага пакарання і расстралянага жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова атрымалі афіцыйнае падцверджанне аб прывядзенні прысуду ў выкананне ў СІЗА№1 Мінска.

Яшчэ 6 траўня асуджаны да смяротнага пакарання Сяргей Хмялеўскі пад час разгляду сваёй скаргі Вярхоўным судом паведаміў, што ў “спецкалідоры” СІЗА №1 на Валадарцы знаходзіўся некаторы час у адной камеры з іншым смяротнікам. У ноч з 17 на 18 красавіка яго вывелі з камеры, а Хмялеўскаму загадалі сабраць асабістыя рэчы сукамерніка. Больш яго Хмялеўскі не бачыў. Праваабаронцы высветлілі, што ў адной камеры з Хмялеўскім знаходзіўся Сяргей Іваноў.  Затым інфармацыю аб прывядзенні прысуду ў выкананне праваабаронцы ўдакладнілі ў сваякоў, і яна цалкам падцвердзілася.

Днямі ім даслалі афіцыйнае “Пасведчанне аб смерці”. У радку аб прычыне смерці Сяргея Іванова напісана: “Прывядзенне прысуду ў выкананне”. Пазначаная таксама і дата выканання прысуду – 18 красавіка.

 

Як паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, раней у гэтым радку ў пасведчаннях аб смерці асуджаных да смяротнага пакарання прастаўляўся толькі прочырк. На гэтую праблему неаднаразова звярталі ўвагу праваабаронцы, а  ў выніку быў створаны рэзанансны фільм “Прычына смерці - прочырк”. 

Неўзабаве, прочырк на некаторы час замянілі на такую ж па-сутнасці невыразную фармуліроўку: “Звесткі не прадастаўленыя”. Менавіта такі запіс быў зроблены ў пасведчанні аб смерці Паўла Селюна, растралянага два гады таму ў ноч з 17 на 18 красавіка (яшчэ адно невытлумачальнае супадзенне!).

Андрэй Палуда, які прадстаўляе інтарэсы Сяргея Іванова ў Камітэце па правах чалавека ААН,  дзе на разглядзе знаходзіцца ягоная скарга, праінфармаваў Камітэт аб прывядзенні ў выкананне першага ў гэтым годзе смяротнага прысуду. Згодна прынятым на сябе міжнародным абавязальніцтвам Рэспубліка Беларусь не павінна была расстрэльваць Іванова, да разгляду ягонай скаргі па сутнасці, аднак, на практыцы краіна не аднойчы ігнаравала гэтую міжнародную норму.

Зараз у Беларусі чакаюць прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду асуджаныя да вышэйшай меры пакарання Іван Кулеш, Генадзь Якавіцкі, Сяргей Хмялеўскі, а таксама жыхар Гомеля Сяргей Вострыкаў, у якога застаецца шанец абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны