Фотарэпартаж: “Вясна” на MediaBarCamp-2016
Прадстаўнікі “Вясны” бралі ўдзел у нефармальнай канферэнцыі MediaBarCamp-2016, якая праходзіла 26 – 29 траўня пад Вільняй. Сёлетняя тэма мерапрыемтсва, якое праходзіла ў дзявяты раз, - Art & Transformation. Праваабаронцам таксама было што распавесці на гэтую тэму.
Так, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда разам з актывістам Сержуком Семянюком прэзентавалі фотавыставу "Вышэйшая мера", а таксама дэманстравалі фільмы і анімацыйныя ролікі, створанныя ў межах кампаніі.
Акрамя таго, на мерапрыемстве была прэзентаваная кніга “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”.
Усе ахвочыя маглі сфатаграфавацца ў адмысловай фотаінсталяцыі.
Юрыст ПЦ “Вясна” Наста Лойка прадставіла тэму Public Art & Human Rights, распавёўшы, навошта актывістам сябраваць з праваабаронцамі і як можна дапамагчы агульнай справе – прасоўванню зменаў у грамадстве. У прэзентацыі былі прадстаўлены канкрэтныя кейсы і карысныя рэкамендацыі, прыведзеныя з улікам як нацыянальнага, так і міжнароднага заканадаўства.
А актывістка Ірына Смяян-Семянюк распавяла, як працуе грамадскі кантроль і чым гэты механізм можа быць карысны арганізатарам вулічных перфомансаў.
“Мы вельмі часта сутыкаемся з тым, што хтосьці кагосьці кантралюе, хоча кантраляваць, альбо, наадварот, не разумее, навошта займацца грамадскім кантролем. Грамадскі кантроль – гэта незалежнае назіранне з боку грамадзянскай супольнасці за дзеяннямі/рашэннямі органаў улады, з абаронай і забеспячэннем фундаментальных правоў і свабод чалавека. Грамадскі кантроль – гэта пра дыялёг з органамі ўлады, як адзіны магчымы шлях паляпшэння сытуацыі на сённяшні дзень”, - зазначыла Ірына падчас прэзентацыі.