Лісты з заклікам адмяніць смяротны прысуд Генадзю Якавіцкаму перададзеныя яго дачцэ

Андрэй Палуда і дачка Генадзя Якавіцкага Аляксандра
Андрэй Палуда і дачка Генадзя Якавіцкага Аляксандра

Тысячы грамадзян з многіх краін свету адгукнуліся на заклік міжнароднай арганізацыя Amnesty International, якая распаўсюдзіла тэрміновы зварот да прэзідэнта Лукашэнкі з заклікам спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі. Аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя прапанавала звярнуцца да Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і заклікаць яго адмяніць смяротны прысуд Генадзю Якавіцкаму, а таксама ўвесці мараторый на прывядзенне прысудаў у выкананне з мэтай адмены смяротнага пакарання.

 

4 красавіка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле смяротны прысуд, вынесены ў дачыненні да жыхара Вялейкі Генадзя Якавіцкага, якому пагражае расстрэл.

Генадзь Якавіцкі быў прысуджаны да смерці 5 студзеня бягучага года, пасля таго як ён быў прызнаны вінаватым у забойстве сужыцелькі ў чэрвені 2015 года. Гэта быў першы смяротны прысуд, вынесены ў 2016 годзе.

Копіі лістоў-заклікаў з Канады, Францыі, Вялікабрытаніі, Галандыі, ЗША, Аўстраліі і іншых краін свету штодзень прыходзяць на адрас Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

30 чэрвеня каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда сустрэўся са сваякамі Генадзя Якавіцкага і перадаў лісты ягонай дачцэ Аляксандры.

 

Аляксандра выказала шчырую падзяку праваабаронцу за падтрымку і салідарнасць са сваякамі, а таксама паведаміла некаторыя навіны, датычныя яе бацькі, які знаходзіцца ў камеры смяротнікаў.

Так, у прыватнасці, з размовы стала вядома, што ад Генадзя Якавіцкага амаль два месяцы як перасталі прыходзіць лісты. Аляксадра, якая атрымала спатканне з бацькам, даведалася ад яго, што гэта здарылася пасля таго, як Генадзь Якавіцкі напісаў сваякам, што давярае прадстаўляць свае інтарэсы ў Камітэце ААН па правах чалавека, куды ён імкнецца звярнуцца са скаргай, кіраўніку кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэю Палуду.

Якавіцкі вымушаны быў пісаць пра гэта ў лісце, паколькі даверанасць на прадстаўленне інтарэсаў у КПЧ ААН ад яго імя, звычайна з СІЗА №1, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя да смяротнага пакарання, не прапускаюць.

Праваабаронцы лічаць, што такім чынам адміністрацыя СІЗА №1 не дае магчымасці асуджанаму да смяротнага пакарання Генадзю Якавіцкаму рэалізаваць яго канстытуцыйныя правы.

Фота

Лісты з заклікам спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі да  прэзідэнта Лукашэнкі
Дачка Генадзя Якавіцкага Аляксандра

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны