Удзельнікі Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання заклікалі дзяржавы ратыфікаваць Другі Факультатыўны пратакол да МПГПП
Заклік утрымліваецца ў Заключнай дэкларацыі 6-га Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання, які праходзіў у Осла 21 – 23 чэрвеня з удзелам прадстаўнікоў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
Актывісты сусветнага абаліцыянісцкага руху ў Дэкларацыі адзначаюць усцешанасць тым, што іх шэрагі папаўняюцца: амаль тры чвэрці краінаў адмянілі смяротнае пакаранне на ўзроўні закона ці на практыцы; пасля Сусветнага кангрэса ў Мадрыдзе (2013 г.) шэсць краінаў адмянілі смяротнае пакаранне за ўсе злачынствы - Мадагаскар, Манголія, Науру, Фіджы, Рэспубліка Конга і Сурынам; у ЗША працягваецца тэндэнцыя да адмены смяротнага пакарання.
Разам з тым у розных краінах свету назіраюцца і негатыўныя тэндэнцыі:
- глабальная пагроза тэрарызму выкарыстоўваецца ўрадамі некаторых краінаў (напрыклад, Егіпта) у якасці падставы для апраўдання захавання смяротнага пакарання для падаўлення апазіцыйных рухаў;
- паводле Amnesty International, 58 краінаў і тэрыторый захоўваюць смяротнае пакаранне і рэгулярна прымяняюць яго адвольным чынам;
- у 2015 годзе 1 634 чалавекі былі пакараныя смерцю ў свеце, у прыватнасці, у Іране, Пакістане, Саудаўскай Аравіі, Іраку і ЗША. Гэтая статыстыка не ўключае даныя з Кітая, дзе падобная інфармацыя з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай;
- захоўваецца прымяненне смяротнага пакарання за незаконны абарот наркотыкаў;
- некаторыя краіны аднавілі пакаранні пасля працяглых мараторыяў, напрыклад, Інданезія, Пакістан і Чад;
- смяротнае пакаранне па-ранейшаму прымяняецца да непаўналетніх злачынцаў і людзей з абмежаванымі разумовымі здольнасцямі; што існуе дыскрымінацыя ў яго прымяненні па этнічнай, сацыяльнай, нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасці, колеру скуры і сэксуальнай арыентацыі;
- асобы, прысуджаныя да смяротнага пакарання, утрымліваюцца ва ўмовах, якія зневажаюць чалавечую годнасць, што вельмі часта з’яўляецца вынікам іх статусу.
Звяртаючыся да дзяржаваў, якія захоўваюць смяротнае пакаранне – а ў іх ліку і Беларусь, удзельнікі Кангрэса сярод шэрагу патрабаванняў заклікаюць публікаваць надзейную і незалежную інфармацыю пра тое, якім чынам у гэтых краінах прымяняецца смяротнае пакаранне, пра стан грамадскай думкі па гэтай праблеме і пра альтэрнатыўныя віды пакарання, а таксама - ратыфікаваць Другі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Трэба адзначыць, што патрабаванне пра ратыфікацыю Другога Факультатыўнага пратакола да МПГПП, скіраванага на адмену смяротнага пакарання, з’яўляецца адным з асноўных патрабаванняў на адрас беларускіх уладаў з боку як нацыянальнай кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, так і аўтарытэтных міжнародных структураў – Amnesty International, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Савета Еўропы і АБСЕ.