Камітэт па правах чалавека ААН просіць адкласці расстрэл Генадзя Якавіцкага

Генадзь Якавіцкі ў Вярхоўным судзе. Фота: spring96.org
Генадзь Якавіцкі ў Вярхоўным судзе. Фота: spring96.org

Як паведаміў каардынатар кампаніі Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі Андрэй Палуда, Камітэтам па правах чалавека ААН быў  зарэгістраваны індывідуальны зварот асуджанага да смяротнага пакарання Генадзя Якавіцкага аб парушэнні яго правоў 17 ліпеня пад нумарам 2789/2016.

Камітэт таксама праінфармаваў МЗС Беларусі пра тое, што справа Генадзя Якавіцкага будзе разглядацца на міжнародным узроўні. Адпаведная копія паведамлення была накіраваная дзяржаве-ўдзельніцы з просьбай, каб любая інфармацыя або назіранні ў дачыненні як да пытання аб прымальнасці, так і па пытаннях па сутнасці яго паведамлення павінна быць атрыманая Камітэтам на працягу шасці месяцаў.

У лісце з КПЧ таксама гаворыцца, што ў адпаведнасці з пунктам 92 Правілаў працэдуры Камітэта, міжнародная інстанцыя таксама звярнулася да беларускіх уладаў “з просьбай не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд у дачыненні да сп. Генадзя Якавіцкага, пакуль яго справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта”.

Аднак, гэты пункт Правілаў амаль заўсёды парушаецца Беларуссю, хоць краіна і ўзяла на сябе абавязак выконваць абавязальніцтвы ў сферы правоў чалавека, калі падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Нагадаем, лісты перасталі даходзіць сваякам ад Генадзя Якавіцкага пасля таго, як у адным з іх ён напісаў, што давярае прадстаўляць свае інтарэсы ў Камітэце ААН па правах чалавека Андрэю Палуду.

Генадзь Якавіцкі вымушаны быў пісаць пра гэта ў лісце, паколькі даверанасць на прадстаўленне інтарэсаў у КПЧ ААН звычайна з СІЗА №1, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя да смяротнага пакарання, не прапускаюць.

Праваабаронцы лічаць, што такім чынам адміністрацыя СІЗА №1 не давала магчымасці асуджанаму да смяротнага пакарання Генадзю Якавіцкаму рэалізаваць яго канстытуцыйныя правы. Аднак, гэта не спыніла праваабаронцаў і зварот быў накіраваны на разгляд у КПЧ ААН.

Акрамя таго, ў траўні 2016 года міжнародная арганізацыя Amnesty Intrnational выступіла ў абарону Генадзя Якавіцкага і распаўсюдзіла тэрміновы зварот да прэзідэнта Лукашэнкі з заклікам спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі. Тысячы грамадзян з многіх краін свету адгукнуліся на гэты заклік.

5 студзеня Мінскі абласны суд вынес Генадзю Якавіцкаму смяротны прысуд за забойства сваёй сужыцелькі, учыненае з асаблівай жорсткасцю. 20 студзеня асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд. 8 красавіка калегія Вярхоўнага суда не задаволіла скаргу Генадзя Якавіцкага і пакіна смяротны прысуд у сіле.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны