Вера Часлаўска: Жыццё – гэта справа неба і зямлі
“Вясноўцы” і актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” з жалем і смуткам успрынялі вестку пра тое, што 30 жніўня ў Чэхіі памерла славутая чэская гімнастка Вера Часлаўска, якая была шырока вядомая таксама з-за сваёй прынцыповай антыкамуністычнай пазіцыі.
Пасля ўводу савецкіх войск у Чэхаславакію ў 1968 годзе падпісала ліст “Дзве тысячы слоў”, пасля чаго стала сімвалам барацьбы за незалежнасць для патрыётаў сваёй краіны. Пад час узнагароджання залатым медалём на алімпійскіх гульнях праігнаравала выкананне дзяржаўнага гімна Савецкага Саюза. За такі ўчынак па рашэнні ўладаў яе на доўгія гады зрабілі невыязной.
Вера Часлаўска – адна з падпісантаў Петыцыі за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Яе аргументы супраць смяротнай кары былі запісаныя на відэа разам з іншымі вядомымі людзьмі Чэхіі.
Знакамітая гімнастка не падтрымлівала смяротнае пакаранне нідзе: ні ў Амерыцы, ні дзе-небудзь яшчэ ў свеце, “таму што жыццё – гэта, уласна кажучы, цалкам справа неба і зямлі, гэта не нешта, пра што вырашае чалавек”. Спадарыня Часлаўска ўзгадвае, як яе шакаваў смяротны прысуд Міладзе Гаракавай у часы Чэхаславаччыны, “таму што тое яе пакаранне яшчэ больш узмацняла камуністычны рэжым”.