Беларусь можа накрыць восеньская хваля смяротных прысудаў

Пішчалаўскі замак зімой. © Фота Уладзімір Іваноў, www.panoramio.com
Пішчалаўскі замак зімой. © Фота Уладзімір Іваноў, www.panoramio.com

Пасля вынясення 19 траўня трэцяга ад пачатку 2016 года смяротнага прысуду жыхару Гомеля Сяргею Вострыкаву, беларускае правасуддзе ўзяло своеасаблівы тайм-аўт. Гэта ні ў якім разе не сведчыць аб тым, што ў Беларусі не здзяйсняюцца жорсткія злачынствы па растрэльных артыкулах. Не, іх меней не стала. А вось наяўнасць у Крымінальным кодэксе вышэйшай меры пакарання ў выглядзе растрэлу аніколькі не можа лічыцца стрымліваючым фактарам для злачынцаў, як любяць спасылацца на гэты аргумент праціўнікі  адмены смяротнага пакарання. Гэты тайм-аўт, верагодней за ўсё, звязаны з чарговай выбарчай кампаніяй: уладам вельмі ня хочацца ў гэты час нерваваць электарат гучнымі працэсамі  і такімі ж гучнымі прысудамі.

Але што чакае беларусаў увосень, пасля закрыцця выбарчых участкаў і абвяшчэння вынікаў галасавання ў Палату прадстаўнікоў? Якія перспектывы ў вынясенні смяротных прысудаў? Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая займаецца маніторынгам сітуацыі са смяротным пакараннем, прапануе падборку апошніх крымінальных спраў з вялікай верагоднасцю вынясення вышэйшай меры пакарання праз расстрэл.

Справа “чорных рыэлтараў”

Галоўным следчым упраўленнем СК напачатку жніўня завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да жыхароў Магілёва, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні шасці забойстваў з асаблівай жорсткасцю. Справа перададзеная ў пракуратуру. Неўзабаве чакаецца суд.

У ходзе следства ўстаноўлена, што два мужчыны і адна жанчына, якія дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы, выбіралі ахвяр з ліку непрацуючых, адзінокіх, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, альбо маюць запазычанасці па аплаце камунальных і іншых паслуг за карыстанне жыллём. Іх рознымі шляхамі схілялі да продажу жылля, абяцаючы дапамагчы ў набыцці жылля меншай плошчы на выгадных умовах.

Пасля атрымання пацярпелымі наяўных грашовых сродкаў за прададзеныя кватэры абвінавачаныя завлодвалі імі шляхам забойстваў, спалучаных з разбоямі, вымагальніцтваў і махлярстваў. Следчымі ўстаноўленыя акалічнасці шасці выкраданняў і забойстваў, а таксама трох падрыхтовак да забойстваў. Мужчына могуць быць асуджаныя да смяротнага пакарання. Жанчынам ў Беларусі смяротны прысуд не выносіцца.

Аршанскія гвалтаўнікі

13 ліпеня УСК па Віцебскай вобласці завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да трох непрацуючых жыхароў Оршы, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Усім тром выстаўленыя абвінавачанні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 166, ч. 2 арт. 139, ч. 1 арт. 366, ч. 3 арт. 167, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 (згвалтаванне; забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, з хуліганскіх меркаванняў, групай асоб; насілле ў дачыненні да асобы, якая выконвае грамадскі абавязак; гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару; замах на забойства) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

26 снежня ўвечары трое мужчын, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, а таксама ў стане, выкліканым ужываннем псіхатропных рэчываў, дзейнічаючы з асаблівай жорсткасцю, нанеслі жанчыне шматлікія ўдары па целе і неаднаразова яе згвалтавалі.

Паводле звестак СК, дапамагчы і забраць з кватэры пацярпелую прыехаў яе сужыцель, якому жанчына здолела паведаміць адрас з дапамогай СМС-кі. Ён таксама быў моцна збіты і ад атрыманых цяжкіх цялесных пашкоджанняў памёр на месцы здарэння. Жанчыну спрабавалі задушыць, але калі гвалтаўнікі заснулі, жанчына здолела выйсці з кватэры на вуліцу і паведаміла аб забойстве і згвалтаванні міліцыі.

Забойства сям’і ў Заполлі

УСК па Магілёўскай вобласці ў сярэдзіне чэрвеня было завершанае расследаванне крымінальнай справы аб забойстве жанчыны і яе малалетняга сына.

26 снежня 2015 года ў міліцыю ад жыхароў вёскі Заполле Глускага раёна паступіла паведамленне аб тым, што ў вёсцы адбылося асабліва цяжкае злачынства. На месца здарэння прыбыла  следча-аператыўная група, якая ў адным з дамоў знайшла целы 28-гадовай жыхаркі г. Бабруйска і яе 7-гадовага сына з прыкметамі гвалтоўнай смерці.

Па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства быў затрыманы жыхар г. Бабруйска, 1977 года нараджэння.

У п’яным чадзе

У дачыненні да 54-гадовага жыхара вёскі Шэбрын Брэсцкага раёна следчым упраўленнем УСК па Брэсцкай вобласці ў ліпені была распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 139 і ч. 2 арт. 139 КК Рэспублікі Беларусь.

П'яны 54-гадовы мясцовы жыхар каля трох ночы разбіў акно ў прыватным доме і ўлез у хату. Мужчына стукнуў сякерай па галаве 85-гадовага гаспадара і яго 80-гадовую жонку. Састарэлы мужчына памёр да прыезду медыцынскіх работнікаў. За жыццё яго жонкі медыкі змагаліся некалькі гадзін. Але безвынікова. Яна памерла таксама.

Двайное дзетазабойства

Напрыканцы ліпеня УСК па Гомельскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара вёскі Нараўчызна Мазырскага раёна, які абвінавачваецца ў забойстве сваіх дзяцей.

Падчас папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што 31 студзеня 2016 года абвінавачваны, знаходзячыся ў сваёй кватэры, наўмысна пазбавіў жыцця 9-гадовую дачку і 17-гадовага сына. Паводле заключэння судова-медыцынскіх экспертыз смерць дзяцей наступіла ад механічнай асфіксіі ў выніку здушэння шыі.

Пасля здзяйснення злачынства мужчына распавёў пра злачынства жонцы, паведаміў пра забойства ў міліцыю і выскачыў з балкона, спрабуючы скончыць жыццё самагубствам.  Крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 КК (забойства з асаблівай жорсткасцю) неўзабаве будзе перададзеная ў суд.

Начная панажоўшчына ў Солах

Вядзецца следства па крымінальнай справе аб забойстве трох жыхароў вёскі Солы Смаргонскага раёна. УСК па Гродзенскай вобласці у сярэдзіне чэрвеня распачала крымінальную справу па ч.2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Патрэбна дадаць, што санкцыі ч. 2 арт. 139 КК прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе смяротнай кары.

Забойства здарылася 12 чэрвеня ўначы. Жыхарка вёскі Солы Смаргонскага раёна паведаміла міліцыі, што яе 33-гадовы муж, выкарыстоўваючы нож, здзейсніў у доме суседзяў забойства трох чалавек і прычыніў цялесныя пашкоджанні ёй самой. Магчыма, што  крымінальная справа будзе перададзеная ў суд яшчэ да канца гэтага года.

Такім чынам да 3 смяротных прысудаў, вынесеных сёлета, нават па той інфармацыі, якая вядомая праваабаронцам, можа дадацца яшчэ не меней як 9.

 Вочка ў камеры смяротнікаў на Валадарцы.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда мае спадзяванне, што "не ўсе гэтыя справы змогуць абавязкова завяршыцца смяротным выракам, паколькі Крымінальны кодэкс прадугледжвае альтэрнатыву –  пажыццёвае зняволенне, а таксама вялікія тэрміны зняволення. Да таго ж нагадваем, што ў дачыненні да жанчын і асобаў, якія маюць узрост больш за 65 год, а таксама асоб, маладзей за 18 год, у Беларусі смяротны прысуд не выносіцца".

“Мы ўсё-такі спадзяемся, што Беларусь увядзе мараторый на смяротнае пакаранне – як першы крок да яе поўнай адмены, прынамсі такія “сігналы” – у выглядзе рыторыкі прадстаўнікоў дзержавы можна пачуць час ад часу, хаця пры гэтым дзеянні уладаў паказваюць адваротнае” - каментуе сітуацыю праваабаронца.

Таму відавочна, што Рэспубліка Беларусі не збіраецца, прынамсі ў бліжэйшы час, рабіць рашучых захадаў па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне і замене яго на пажыццёвае зняволенне. Хутчэй наадварот, заўважаецца пэўны рэгрэс і вяртанне ў “ліхія дзевяностыя”, калі ў Беларусі растрэльвалі па некалькі дзесяткаў чалавек штогод.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны