Андрэй Палуда ў АБСЕ: "Двое з 16 асуджаных да смяротнага пакарання ў Беларусі з 2009 года - прадстаўнікі рома"

Андрэй Палуда падчас выступу на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні
Андрэй Палуда падчас выступу на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда прыняў удзел у працоўнай сесіі «Талерантнасць і недыскрымінацыя, у тым ліку рома і сінці, уключаючы рэалізацыю Плана дзеянняў АБСЕ па паляпшэнні становішча рома і сінці» на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні.

Падчас выступу праваабаронца падкрэсліў, што Беларусь па-ранейшаму застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захавалася смяротнае пакаранне, якая прымяняецца на практыцы.

Андрэй Палуда распавёў, што за час дзейнасці кампаніі (з 2009 года) да смяротнага пакарання было асуджана 16 чалавек, двое з якіх ставіліся да нацыянальнасці рома.

"Асаблівую ўвагу хацелася б надаць таму, якім чынам асвятляюцца падобныя падзеі дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Вельмі часта гэта адбываецца з выкарыстаннем мовы варожасці, стыгматызацыі, што вядзе да праяваў ксенафобіі і дыскрымінацыйных паводзінаў у грамадстве, а таксама фармаванню выключна негатыўных ацэнак у дачыненні да прадстаўнікоў усёй ромскай нацыянальнай меншасці ў нашай краіне", - адзначыў праваабаронца.

І прывёў прыклад праграмы "Таямніцы следства", паказанай у чэрвені 2013 годзе на тэлеканале "Беларусь-1", дзе распавядалася пра забойства зняволенага, якое было здзейснена Рыгорам Юзэпчуком і яго саўдзельнікам у магілёўскай турме. У кантэксце адмоўных характарыстык асобы некалькі разоў паказвалася нацыянальная прыналежнасць Рыгора Юзэпчука, пры гэтым у сюжэце выкарыстоўваліся словазлучэнні: "з цыганам Юзэпчуком было ўсё зразумела", "з малаадукаваным цыганам Юзэпчуком", "са словаў цыгана", "асуджаны цыган Юзэпчук" і г.д . Аднак, нацыянальнасці яго саўдзельніка і пацярпелага, якія дарэчы таксама мелі адмоўныя характарыстыкі, у дадзеным сюжэце ня ўказваліся.

Пасля гэтага Валянцін Стэфановіч звярнуўся да старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі з просьбай правесці праверку ўказаных фактаў, а таксама тлумачальную працу з аўтарамі праграмы аб недапушчальнасці падобных фактаў у будучыні. У адказ Генадзь Давыдзька адзначыў, што “мастацкая камісія правяла размову са стваральнікамі праграмы і прыйшла да высновы, што аўтары сапраўды дапусцілі прафесійную неабачлівасць, акцэнтуючы ўвагу на нацыянальнай прыналежнасці злачынцы, але гэта зроблена не мэтанакіравана".

"Падобная практыка з'яўляецца дыскрымінацыйнай у адносінах да грамадзян ромской нацыянальнасці і сведчыць, як пра не высокія прафесійныя якасці журналістаў, якія дапускаюць такія абагульненні, але гэта робіцца і пры поўным папушчальніцтве, а часам і па ініцыятыве дзяржаўных органаў.

Так, напрыклад, вельмі часта з выкарыстаннем дзяржаўных СМІ, асабліва гэта тычыцца сельскіх раёнаў, распаўсюджваюцца аб'явы, якія заклікаюць грамадзянаў, што сустрэлі асобаў, падобных на рома, запамінаць іх прыкметы, нумар аўтамабіля, на якім яны перасоўваюцца, і адразу ж паведамляць у міліцыю. Па сутнасці, можна з упэўненасцю казаць, што на цэлую нацыянальнасць вешаюць ярлык злачынцаў", - падкрэсліў Андрэй Палуда.

Праваабаронца прывёў яшчэ адзін кейс, які выклікаў шмат пытанняў - кейс асуджанага да смяротнага пакарання ў 2009 годзе Васіля Юзэпчука, якія не прызнаваў сваю віну ні падчас следства, ні падчас суда.

"У сваім прашэнні аб памілаванні Юзэпчук казаў: "Вы расстрэльваеце невінаватага чалавека". Ён сцвярджаў, што не здзяйсняў злачынстваў. Юзэпчук не ўмеў ні пісаць, ні чытаць, пахадзіў з беднай ромской сям'і, і мы дапускаем, што ён не мог якасна прадстаўляць сябе ў судзе і следстве. Пасля Камітэт ААН па правах чалавека прыйшоў да высновы, што суд не адказваў крытэру незалежнасці і бесстароннасці ў разглядзе дадзенай крымінальнай справы. Парушэнне мінімальных гарантый справядлівага судовага разбору, па выніках якога быў вынесены смяротны прысуд, сведчыць аб парушэнні права на жыццё", - сказаў выступоўца.

І заключыў, што пытанне дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце, як і пытанне смяротнага пакарання ў нашай краіне, застаецца досыць сур'ёзнай і актуальнай праблемай.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны