Праваабаронцы: “Смяротнае пакаранне незваротнае”

5 кастрычніка распачынаецца традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога ў гэтым годзе будуць праходзіць пад слоганам “Смяротнае пакаранне незваротнае”.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда нагадаў, што да кожнага Тыдня рыхтуюцца адмысловыя плакаты. У гэтым годзе для іх быў выкарыстаны фотаздымак урочышча Кабыляцкай гары каля вёскі Андрэеўшчына пад Оршай, дзе ў верасні 1982 года ў лесе была знойдзена яма з целамі расстраляных.

Дакумент пра месца расстрэлаў, які захоўваецца ў аршанскага даследчыка Юрыя Копціка, сведчыць:

20 верасня 1982 года “Камісія з прадстаўнікоў савецкіх і адміністрацыйных органаў” (пракурор, судовы эксперт, прадстаўнік ваенкамата, міліцыя) правяла агляд парэшткаў, знойдзеных пры будаўніцтве чыгуначнага адгалінавання Орша-Паўночная. Пасля апытання мясцовых жыхароў і правядзення эксгумацыі, камісія выключае магчымасць таго, што гэтыя людзі былі расстраляныя падчас нямецкай акупацыі”.

“Як правіла, немцы праводзілі расстрэлы адкрыта, а не ў глухіх месцах, з аўтаматаў без пашкоджання костак галавы (…) Аглядам на месцы выяўленых мясцовымі жыхарамі парэшткаў людзей ўстаноўлена, што пахаванне зроблена ў 1937-1939 г. у глухім лясным масіве (...) усе пяцьдзесят чэрапаў маюць кулявую адтуліну ў лобнай частцы”, - адзначаецца ў дакуменце.

Праз выкарыстанне Кабыляцкай гары на плакатах актывісты кампаніі заклікаюць грамадства задумацца над тым, што стаіць па розныя бакі смяротнага прысуду – пакуты сваякоў расстраляных, якім не паведамляецца час прывядзення прысуду ў выкананне і месца пахавання асуджанных, і цынізм дзяржавы, якая гэта робіць.

Тыдзень супраць смяротнага пакарання, які працягнецца з 5 па 10 кастрычніка, ладзіцца ў Беларусі чацвёрты год запар. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” запрашаюць ўсіх ахвотных далучацца да гэтай акцыі і актыўна скарыстоўваць у сваіх мерапрыемствах адмыслова распрацаваныя плакаты.

Спампаваць плакаты розных памераў. 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны