Смяротнае пакаранне ў Беларусі: Новая справаздача выяўляе парушэнні правоў на ўсіх стадыях працэсу

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр «Вясна» прэзентавалі супольны даклад «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах», выпушчаны напярэдадні 14-га Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які будзе адзначацца 10 кастрычніка.

Мінск-Парыж, 5 кастрычніка 2016 г.

У Беларусі правы асуджаных на смерць парушаюцца на ўсіх этапах судаводства, што робіць прымяненне смяротнага пакарання ў краіне незаконным, гаворыцца ў сумеснай заяве FIDH і ПЦ "Вясна", якія прэзентавалі сёння даклад «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах». 4 кастрычніка 2016 года прадстаўнікі FIDH і ПЦ "Вясна" прысутнічалі на абвяшчэнні вердыкта Вярхоўнага суда Беларусі, які пакінуў у сіле смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву. Арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады неадкладна прыпыніць выкананне прысуду і адмяніць смяротнае пакаранне ў краіне або ўвесці мараторый у якасці першага кроку на шляху да адмены смяротнай кары.

Пасля амаль паўтарыгадовага перапынку, практыка прымянення смяротнага пакарання была адноўленая ў красавіку 2016 года пасля таго, як ЕС адмяніў большасць абмежавальных мераў, уведзеных у дачыненні да Беларусі за парушэнні правоў чалавека. ЕС павінен недвухсэнсоўна заявіць пра сваю пазіцыю, згодна з якой мараторый на смяротнае пакаранне з'яўляўся б адным з «асноўных рэальных крокаў», якія вызначаюць будучую палітыку ЕС ў дачыненні да Беларусі.

Новы 88-старонкавы даклад паказвае, што ў Беларусі катаванні і жорсткае абыходжанне шырока выкарыстоўваюцца з мэтай прымусіць падазраваных агаварыць сябе ў адсутнасць адваката. Права на эфектыўную судовую абарону сістэматычна парушаецца. Адвакаты і суддзі звычайна не незалежныя, як і судовая сістэма ў цэлым.

«На працягу ўсяго працэсу мой сын сцвярджаў, што яго прызнальныя паказанні былі атрыманыя падчас першых допытаў пад катаваннямі і псіхалагічным ціскам. Хуткасць, з якой яны асудзілі і пакаралі смерцю майго сына, а таксама той факт, што проста перад вынясеннем прысуду былі звольненыя генеральны пракурор і міністр юстыцыі, даказваюць, што справа была чыста палітычная», - заявіла Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, пакаранага ў 2012 годзе.

У такім кантэксце, верагоднасць судовай памылкі вельмі высокая, і даклад уключае найбольш абуральныя прыклады судовых памылак, якія прывялі да пакарання смерцю або асуджэння невінаватых людзей. Таксама апісаны грубыя парушэнні на кожным этапе судовага працэсу, у тым ліку адносна ўмоваў утрымання, выканання прысуду і парушэнняў правоў сваякоў.

Падчас знаходжання асуджаных у камеры смяротнікаў як самі асуджаныя да смяротнага пакарання, так і іх сваякі праходзяць праз цяжкія душэўныя пакуты. Умовы ўтрымання прыраўноўваюцца да катаванняў, знявагі носяць сістэмны характар, а ізаляцыя асуджаных да вышэйшай меры робіць іх асабліва ўразлівымі для парушэнняў.

«У 2011 годзе я правёў чатыры месяцы ў зняволенні ў турме на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дзе на паверх ніжэй утрымліваліся асуджаныя да смерці, побач з месцам, дзе прысуд прыводзіцца ў выкананне. У адрозненні ад іншых зняволеных, асуджаных да смяротнага пакарання не выпускаюць на прагулкі, іх сувязь са знешнім светам часта немагчымая. Умовы ўтрымання ў камеры смяротнікаў - гэта катаванні», - заявіў старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Сем'ям асуджаных на смерць не паведамляецца загадзя пра дату пакарання смерцю, цела ім не выдаецца і месца пахавання трымаецца ў сакрэце. Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (КПЧ ААН) некалькі разоў прыходзіў да высновы, што псіхалагічныя пакуты, перажытыя сваякамі асуджаных і пакараных у Беларусі, прыраўноўваецца да бесчалавечнага абыходжання і катаванняў.

«Прыйшло паведамленне прыйсці на пошту атрымаць перадачу з Мінска. Гэта была роба і чаравікі майго сына. Калі я прыйшла дадому, я проста не ведала, куды мне падзецца», - сказала Тамара Сялюн, маці Паўла Селюна, які быў пакараны смерцю ў 2014 годзе.

КПЧ ААН звяртаўся да беларускіх уладаў у дзесяці розных выпадках, каб яны не прыводзілі прысуды ў выкананне да разгляду адпаведных індывідуальных скаргаў у Камітэце. Аднак у васьмі выпадках Беларусь сістэматычна праігнаравала свае абавязальніцтвы перад ААН і прывяла прысуды ў выкананне; лёс двух іншых асуджаных выклікае трывогу. У шасці выпадках ААН пасля было ўстаноўлена, што беларускія ўлады парушылі шэраг правоў, уключаючы права расстраляных на жыццё.

Па дадзеных кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», каля 400 чалавек былі пакараныя ў краіне з моманту здабыцця ёй незалежнасці ў 1991 годзе. У цяперашні час чатыры чалавекі знаходзяцца ў камеры смяротнікаў, у тым ліку Вострыкаў, чый прысуд быў пакінуты ў сіле 4 кастрычніка ў ходзе місіі FIDH у Мінск.

Даведачная інфармацыя

Даклад «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах» выпушчаны напярэдадні 14-га Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які будзе адзначаецца 10 кастрычніка 2016 г. Сёлета мэтай актывістаў кампаніі супраць смяротнага пакарання з'яўляецца павышэнне дасведчанасці аб прымяненні смяротнага пакарання за звязаныя з тэрарызмам злачынствы. У 2012 годзе Беларусь спешна пакарала смерцю двух чалавек, асуджаных да смяротнага пакарання па абвінавачваннях у тэрарызме. Падобна лакмусавай паперцы, судовы працэс выявіў усе недахопы беларускай прававой сістэмы.

Кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" была распачатая ў 2009 годзе сумесна з Беларускім Хельсінкскім камітэтам, з мэтай атрымання грамадскай падтрымкі па пытанні аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі. Акрамя інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў, кампанія факусуецца на прававой дапамозе сем'ям асуджаных.

FIDH з'яўляецца сябрам і адным з заснавальнікаў Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання. FIDH і яе 184 сяброўскія арганізацыі па-ранейшаму выступаюць супраць смяротнага пакарання за ўсе злачынствы і пры любых абставінах і заклікаюць да яго глабальнай адмены.

Гл. сайт кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі": https://dp.spring96.org/

Больш падрабязную інфармацыю аб прымяненні смяротнага пакарання гл.: www.fidh.org/en і http://spring96.org/en 

Дакументы

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны