“У залі суда былі мы і сабакі! Гэта паказальны ўзровень судовай сістэмы і грамадства ў пытанні смяротнага пакарання”

5 кастрычніка ў Мінску прадстаўнікі міжнароднай супольнасці, праваабаронцы і журналісты сабраліся ў Прэс-клубе з нагоды прэзентацыі даклада па смяротным пакаранні ў Беларусі, каб абмеркаваць актуальныя аспекты гэтай праблемы і магчымыя захады дзеля яе вырашэння. 

З прэзентацыі даклада “Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойства на (не)законных падставах”, сумесна падрыхтаванага Міжнароднай Федэрацыяй за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, распачаўся штогадовы Тыдзень супраць смяротнага пакарання.

На мерапрыемстве выступілі намеснік кіраўніка Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь Джым Казанс, прафесар права, намесніца Генеральнага сакратара FIDH і першы Прэзідэнт Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання Фларанс Беліўе, кіраўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Саша Кулаева і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

У зале прысутнічалі прадстаўнікі краін-сябраў Еўрапейскага саюза: Швецыі, Латвіі, Велікабрытаніі, Італіі, журналісты і зацікаўленныя праблемай смяротнага пакарання ў Беларусі.

Джым Казанс нагадаў, што смяротнае пакаранне з’яўляецца важным пытаннем, якое хвалюе пачуцці, гэтак жа, як і любое пытанне жыцця і смерці.

“Галоўны аргумент супраць смяротнага пакарання заключаецца ў яго беззваротнасці, любы чалавек можа зрабіць памылку: суддзя, міліцыянт, пракурор. Усе мы людзі, усе мы робім памылкі, але ў выніку ажыцяўлення смяротнага пакарання гэтую памылку немагчыма выправіць”, - сказаў ён.

Намеснік кіраўніка Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза адзначыў, што з дапамогай новых тэхналогій часцей і часцей высвятляюцца факты прывядзення смяротнага пакарання ў дачыненні да невінаватых людзей, у той жа час пакаранне смерцю не робіць больш бяспечным наша грамадства.

“Я вельмі спадзяюся, што Беларусь далучыцца да суседніх краін, краін Еўрасаюза, краін СНД і аб’явіць мараторый на смяротнае пакаранне, а яшчэ лепш - увогуле скасуе яго”, - заключыў Джым Казанс.

Ён падкрэсліў, што па ўсім свеце прымаюцца такія захады і меры, нават у гэтым годзе былі ўведзеныя мараторыі на смяротныя пакаранні ці яно было скасаванае ў такіх краінах, як Фіджы, Мадагаскар, Конга, Сурынамэ, Гвінея і Манголія. І няма ніякіх прычын, каб Беларусь таксама не далучылася да гэтых краін.

“Мы спадзяемся, што смяротнае пакаранне, якое было прыведзена ў выкананне ў красавіку гэтага года, а таксама смяротны прысуд, які быў вынесены ў траўні, будуць апошнімі ў гісторыі Беларусі. Але мы засмучаныя тым, што 4 кастрычніка была адхілена скарга Сяргея Вострыкава. І ўчора на сайце Еўрапейскага знешняга дзеянне была апублікавана заява з нагоды адхілення скаргі, у якой мы асуджаем гэта рашэнне”.

Джым Казанс запэўніў, што Еўрапейскі саюз і краіны-сябры Еўрасаюза прадаставяць усю неабходную дапамогу для таго, каб Беларусь адмовілася ад смяротнага пакарання.

Наступная выступоўца Фларанс Беліўе распавяла, як праходзіў разгляд апеляцыйнай скаргі Сяргея Вострыкава ў Вярхоўным судзе, дзе яна прысутнічала з калегамі:

“Я ўжо 16 гадоў працую з тэмай смяротнага пакарання, але ўчора быў першы раз, калі я была на слуханні па справе, звязанай з вышэйшай мерай. Шмат чаго можна расказаць пра ўчорашняя паседжанне, але адзіную рэч, якую я не магу зразумець дагэтуль: чаму сістэма правасуддзя прымушае чалавека ісці як сабаку, са схіленым тварам у падлогу, з рукамі, ўзнятымі дагары за спіной. Акрамя таго, што самаго чалавека вядуць, як сабаку, побач з ім знаходзяцца сапраўдныя сабакі, на якіх няма наморднікаў. І гэта зроблена для таго, каб у выпадку чаго, сабака мог ужыць свае зубы. Таму, з аднаго боку, гэта выклікае вялікую трывогу. А з іншага боку, ёсць вялікая надзея на тое, што ў Беларусі ёсць механізмы для адмены смяротнага пакарання”.

Такім механізмам можа быць артыкул 24 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама грамадзянская супольнасць, якая не стамляецца казаць пра смяротнае пакаранне ў розных гарадах Еўропы – Осла, Парыжы, Мадрыдзе.

Фларанс Беліўе лічыць, што смяротнае пакаранне – гэта толькі пытанне крымінальнага заканадаўства, і таму гэта сфера цалкам падуладная дзяржаве. 

“Дзяржавы, у якіх захоўваецца смяротнае пакаранне, падкрэсліваюць, што яно не забаронена на міжнародным узроўні. Гэта вельмі спрошчаны падыход, які ігнаруе наступныя тры факты:

  • За апошнія 40 гадоў развіўся вельмі магутны рух за адмену смяротнага пакарання і на дадзены момант больш за 2/3 краінаў у свеце не ўжываюць смяротнае пакаранне.
  • Смяротнае пакаранне на забаронена абавязковымі для выканання міжнароднымі механізмамі, акрамя Другога факультатыўнага пратакола Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, але ўсё адно рэкамендуецца вельмі асцярожнае яго выкарыстанне і ў выключных выпадках.
  • Дзяржава не можа захоўваць смяротнае пакаранне і пры гэтым разлічваць, што гэта не выкліча папрокаў на міжнароднай арэне.

Калі казаць канкрэтна, то Беларусь парушае  права на жыццё, права на атрыманне інфармацыі аб і ад асуджанага, права на справядлівае судовае разбіральніцтва і захаванне працэдур на ўсіх этапах, права на абскарджванне, таксама забарона на бесчалавечае абыходжанне і катаванне”, - падкрэсліла першы Прэзідэнт Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання.

МЗС выразна заявіла, што Рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН у справах грамадзян Беларусі не з’яўляюцца абавязковымі для выканання. І ў выніку беларускія ўлады працягваюць растрэльваць людзей, у той час, калі іх скарга знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека, які як раз з’яўляецца той структурай, якая займаецца кантролем за імплементацыяй Міжнароднага пакта аб палітычных і грамадзянскіх правах, што быў ратыфікаваны Беларуссю.

“Наяўнасць у Беларусі смяротнага пакаранне – не нейкі рок ці простая цікавостка, гэта пытанне палітычнай ня добрай волі дзяржавы, якая наўмысна трымае сваіх грамадзянаў у няведзенні аб гэтым жорсткім і несправедлівым, незваротным відзе пакарання. Але пакаранне – не з’яўляецца выйсцем”, - сказала ў завяршэнне свайго выступу Фларанс Беліўе.

Кіраўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Саша Кулаева падзякавала ўсім прысутным за тое, што прыйшлі і праявілі цікаўнасць да дакладу і тэмы смяротнага пакарання ў Беларусі. Яна распавяла, як праходзіла місія Міжнароднай федэрацыі, у якую ўваходзілі людзі розных профіляў:

“Трэба сказаць, што місія для нас скончылася ўчора, калі мы прысутнічалі на пасяджэнні Вярхоўнага суда, дзе быў зацверджаны чарговы смяротны прысуд. Гэта дало вельмі яркі малюнак усяго таго, чым мы займаліся апошнія месяцы. Умовы, у якіх праходзіць гэта дзейства, зусім жахлівыя, не залежна ад таго, што адбываецца па сутнасці. Страшны рытуал, на якім страшна прысутнічаць. Пры чым страшна ад усяго, пачынаючы ад стану прадстаўніка ахвяры - маці загінулай дзяўчыны, лёс якой, падобна, таксама абыякавы дзяржаве і судовай вытворчасці, як і лёс забойцы. Усе знаходзяцца ў страшным псіхалагічным стане, усё гэта адбываецца ў асяроддзі канвою і сабак, і наводзіць на самыя сумныя ўспаміны і гістарычныя паралелі”.

Эксперты, якія сустракаліся з сем'ямі прыгавораных, асуджаных і ўжо расстраляных людзей, адвакатамі, журнастамі, актывістамі праваабарончых арганізацый, атрымалі вельмі шмат сведчанняў з першых рук і прыйшлі да высновы, што парушэнні ў рамках смяротнага пакарання суправаджаюць гэты працэс ад самага пачатку (затрыманне, першыя допыты, расследаванне, першая судовая інстанцыя, другая судовая інстанцыя, абскарджанне, калі яно магчыма, працэс просьбы аб памілаванні) і да самага канца (выканання прысуду і тое, што адбываецца пасля, паколькі для сем'яў расстрэлам гісторыя не сканчаецца).

“Калі міжнароднае права не забараняе выкананне смяротнага пакарання, яно і не ў якой меры не дазваляе выкарыстанне такой меры ва ўмовах, калі ўвесь працэс можа быць пастаўлены пад сумнеў ад пачатку і да канца. Гэта і магчымасць судовай памылкі, і адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы. Небяспека несправядлівага прысуду, як было неаднаразова сёння падкрэслена, незваротнага ва ўмовах не незалежнай судовай сістэмы асабліва відавочна”, - сказала Саша Кулаева.

Яна асобна падкрэсліла пытанне доступу да інфармацыі, якое падзяліла на тры ўзроўні. Першы - інфармацыя для самога чалавека, асуджанага да смяротнага пакарання, які даведваецца пра тое, што яго расстраляюць і што яму адмоўлена ў памілаванні  непасрэдна ў момант самаго расстрэлу, што прыводзіць да псіхалагічнага катавання на працягу ўсяго часу ў чаканні выканання прысуду.

Другі ўзровень - тое, што адбываецца са сваякамі асуджаных, паколькі іх доступ да інфармацыі абмежаваны ўвесь час. Шматлікія сведчанні, сабраныя ў дакладзе, паказваюць, што людзі вельмі часта не маюць магчымасці перапіскі.

“Людзі жывуць не ведаючы, ці жывы яшчэ іх блізкі ці ўжо расстраляны. І страшным сімвалам гэтага ўяўляецца нам посылка па пошце асабістых рэчаў, калі не дасведчаная яшчэ аб расстрэле свайго сына маці атрымлівае яго адзежу і чаравікі, і з гэтага павінна зрабіць выснову, што яе сына больш не існуе. Камітэт па правах чалавека ААН у сувязі з гэтым неаднаразова падкрэсліваў парушэнне правоў не толькі расстраляных, але і іх сем'яў, якія праходзяць праз усе гэтыя катаванні”, - адзначыла Саша Кулаева.

І трэці ўзровень – інфармаванасць грамадства пра тое, што адбываецца ў краіне ў дачыненні да смяротнай пакарання.

“У дакладзе мы ўвесь час падкрэсліваем, што інфармацыя нават пра колькасць прысудаў, расстрэлаў у нас фрагментарная і даступная толькі дзякуючы працы праваабаронцаў, у тым ліку з кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», і журналістаў, якія дамагаюцца гэтай інфармацыі. Асабліва недарэчна ў гэтым кантэксце выглядаюць заявы беларускіх уладаў аб тым, што смяротнае пакаранне неабходна для паніжэння ўзроўню злачыннасці ў грамадстве. Але калі ад грамадства хаваюць вынясенне прысудаў і іх выкананні, то пра што можна казаць?

Тое, што ўразіла нас учора не менш за рытуал дастаўлення асуджанага ў залу слухання Вярхоўнага суда, што нас там было чацвёра - наша місія і маці ахвяры. Не было журналістаў, не было публікі, не было адвакатаў, не было іншых суддзяў. Былі мы і сабакі! І гэта паказальны ўзровень, які кажа пра стан судовай сістэмы і грамадства”, - сказала выступоўца.

Саша Кулаева лічыць, што інфармаванне пра смяротнае пакаранне грамадства неабходна для таго, каб грамадства па-іншаму і больш узважана ставілася да смяротных прысудаў і да практыкі смяротнага пакарання:

“Калі мы хочам, каб рашэнне аб неабходнасці адмены смяротнага пакарання прыйшло знізу, то павінны незалежна функцыянаваць СМІ, павінны быць зарэгістраваныя арганізацыі, якія змагаюцца за адмену смяротнага пакарання, яны павінны мець статус, якія дазваляў бы ім мець зносіны з дзяржаўнымі органамі і міжнароднымі арганізацыямі на гэтую тэму, грамадства павінна мець доступ да інфармацыі. Пакуль ні аднаго з гэтых трох фактараў мы не назіраем у Беларусі. А зараз, у гэты самы момант, зусім блізка адсюль людзі ў нечалавечых умовах чакаюць смерці”.

Андрэй Палуда падзякаваў Сашы і яе арганізацыі за ініцыятыву, экспертную дапамогу, за тое, што місія адбылася і даклад прэзентуецца ўжо сёння, і сказаў:

“Мы прыкладаем усе сілы, каб пытанне смяротнага пакарання стала гісторыяй. І гэты даклад - адзін з інструментаў для таго, каб інфармацыя па гэтай тэме як мага хутчэй даходзіла да нашых грамадзян і ўладаў. Мы падымаем гэтае пытанне і на міжнароднай арэне, прыкладам чаго можа быць мой адкрыты ліст-зварот да Папы Рымскага, які быў перададзены яму на мінулым тыдні падчас асабістай аўдыенцыі Тамарай Чыкуновай, нашым ганаровым госцем на мерапрыемствах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

Папа Францыск пры атрыманні ліста сказаў, што абавязкова яго разгледзіць, і ў нас вялікія надзеі звязаныя ў тым ліку і з гэтым”.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны