У Гомелі - тыдзень інфармавання пра смяротнае пакаранне
5 кастрычніка ў Гомелі праваабаронцы распачалі інфармацыйныя акцыі ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання, які стартаваў у гэты дзень.
Актывісты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны каля гіпермаркета "Еўраопт" раздалі каля тысячы асобнікаў газеты "Народная воля" з адмысловым дадаткам пра смяротнае пакаранне. Выпуск газеты быў падрыхтаваны пры падтрымцы Хельсінкскага Фонда па правах чалавека (Польшча).
Паводле Судаленкі, такія інфармацыйныя акцыі будуць праводзіцца ў людных месцах Гомеля ўвесь тыдзень.
"Смяротнае пакаранне - гэта забойства імем дзяржавы. Нашая краіна - адзіная ў Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. У гэтым годзе нават у экзатычнай для нас Манголіі адмовіліся ад такой меры пакарання. Мы выступаем за тое, каб нашая краіна як мага хутчэй вярнулася да такой каштоўнасці як права на жыццё, таму што смяротнае пакаранне - гэта дзікунства, і, як паказвае практыка, такая мера не спыняе злачынцаў", - сказаў Судаленка БелаПАН.
Праваабаронца нагадаў, што 4 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў у сіле выключную меру пакарання для жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава, вінаватага ў забойстве двух дзяўчат.
"Яшчэ ў так званым "калідоры смерці" чакаюць чатыры чалавекі. Раней быў расстраляны гамяльчанін Аляксандр Груноў, нягледзячы на дзве заявы Камітэта ААН па правах чалавека з просьбай не караць смерцю абвінавачанага да разгляду ягонай скаргі ў міжнароднай інстанцыі. Беларускія ўлады проста праігнаравалі КПЧ. У нас прэзідэнт мог бы памілаваць абвінавачаных, ён мае такое права, але за дваццаць гадоў ён памілаваў толькі аднаго чалавека", - адзначыў Судаленка.
Нагадаем, што праваабарончы Тыдзень прымеркаваны да Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які будзе адзначаецца 10 кастрычніка.