«Захаваньне сьмяротнай кары — гэта сыгнал беларусам, што іх жыцьцё ў руках Лукашэнкі»
З нагоды Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня ў перадачы "Трайны ўдар" на "Свабодзе" журналісты, з улікам бягучага палітычнага моманту, разважалі, ці пагодзяцца ўлады Беларусі на скасаваньне сьмяротнага пакараньня.
У абмеркаваньні ўдзельнічалі Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч і Валер Каліноўскі.
Валер Каліноўскі: Беларускія і міжнародныя праваабаронцы праводзяць Тыдзень за скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, апошняй краіне Эўропы, дзе яшчэ прымяняецца такая незваротная кара.
Акурат у гэты тыдзень Вярхоўны суд пакінуў бязь зьмены сьмяротны вырак аднаму з асуджаных Сяргею Вострыкаву, які згвалтаваў і забіў дзьвюх жанчын. Разам зь ім сёньня ў беларускіх турмах знаходзіцца чатыры вязьні, якія чакаюць выкананьня сьмяротнага прысуду. Адзінай надзеяй на яго адмену засталося памілаваньне Аляксандра Лукашэнкі, але за ўвесь час прэзыдэнцтва Лукашэнка памілаваў асуджанага да сьмяротнага пакараньня толькі адзін раз.
Усяго ў Беларусі за часы незалежнасьці было страчана каля 330 чалавек, з 1999 года лік сьмяротных выракаў рэзка ўпаў — да некалькіх на год — у сувязі з тым, што быў уведзены новы від пакараньня — пажыцьцёвае зьняволеньне. Такім чынам фактычна ў Беларусі ўсё меней карыстаюцца сьмяротным, але зьберагаюць яго як форму застрашэньня. Хаця рэальна яно не застрашвае і дзікія злачынствы ўсё роўна здараюцца.
Аргумэнты праціўнікаў сьмяротнага пакараньня ясныя. Беларускія праваабаронцы правялі складаную працу і выявілі шмат «зачэпак» у справах, у выніку якіх людзі ўжо расстраляныя, асабліва ў справе выбуху ў менскім мэтро. Але іх ня вернеш, і вырак не перагледзіш. У эўрапейскіх судах з такой доказнай базай некаторых прысуджаных на сьмерць не прызналі б вінаватымі, заўсёды застаецца імавернасьць чалавечай памылкі. Калі чалавек расстраляны, то выправіць гэтую памылку ўжо немагчыма. Таму праваабаронцы чарговы раз заклікаюць улады Беларусі адмовіцца ад практыкі сьмяротнага пакараньня альбо хаця б накласьці мараторый на яго выкананьне. Да нашых праваабаронцаў далучаюцца і эўрапейскія структуры, якія пачалі паляпшэньне з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, не дачакаўшыся ад яго крокаў у адказ па найбольш праблемных для Эўропы пытаньнях.
Эўрапейскі зьвяз сапраўды, карыстаючыся адлігай у адносінах Беларусі і Захаду, далучыўся да кампаніі, якую ініцыявалі праваабаронцы ПЦ «Вясна» і Міжнароднай Фэдэрацыі Правоў Чалавека — Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі — тут заклікі, тлумачэньні, даклады, справаздачы — каб схіліць беларускае кіраўніцтва да скасаваньня сьмяротнага пакараньня альбо хаця б мараторыя «ў якасьці першага кроку да яго адмены». Палітычны момант для гэтага зручны, але ці скарыстаецца ім беларуская ўлада? Вашае меркаваньне, калегі?
Працяг чытайце і слухайце на "Свабодзе": "Трайны ўдар" ад 6 кастрычніка