Жыхарам Баранавічаў нагадалі пра праблему смяротнага пакарання
Праваабаронцы і актывісты выходзяць на вуліцы Баранавічаў, каб раздаць гараджанам спецвыпуск “Народнай волі”, прысвечаны праблеме смяротнага пакарання.
Як распавёў прадстаўнік мясцовага аддзялення ПЦ “Вясна” Сяргей Гоўша, яны намераны праводзіць інфармацыйную акцыю ў людных месцах горада тры дні запар - з 7 па 9 кастрычніка. У першы дзень акцыі спецвыпуск незалежнага рэспубліканскага выдання атрымалі 350 мінакоў, якіх актывісты спаткалі каля гандлёвага цэнтру "Вясёлка" і кінатэатра "Кастрычнік". Са словаў праваабаронцы, людзі бралі газеты з задавальненнем.
Нагадаем, інфармацыйная акцыя праходзіць у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання, які штогод ладзяць праваабаронцы з нагоды Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, што адзначаецца 10 кастрычніка. Выпуск газеты быў падрыхтаваны пры падтрымцы Хельсінкскага Фонда па правах чалавека (Польшча).