Праваабаронцы прэзентавалі выданні на тэму смяротнага пакарання ў Коўне
Прэзентацыя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” адбылася на VI Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне 8 кастрычніка.
Удзельнікам кангрэсу з розных краін былі прадстаўленыя апошнія выданні па праблеме смяротнага пакарання: кніга артыкулаў і матэрыялаў “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, а таксама матэрыялы даследчай місіі Міжнароднай федэрацыі за праы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтра “Вясна” «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах».
Даклад «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах» выпушчаны напярэдадні 14-га Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які будзе адзначаецца 10 кастрычніка 2016 г. Сёлета мэтай актывістаў кампаніі супраць смяротнага пакарання з'яўляецца павышэнне дасведчанасці аб прымяненні смяротнага пакарання за звязаныя з тэрарызмам злачынствы. У 2012 годзе Беларусь паспешліва, цягам трох з паловай месяцаў пакарала смерцю двух чалавек, асуджаных да смяротнага пакарання па абвінавачваннях у тэрарызме. Падобна лакмусавай паперцы, судовы працэс выявіў усе недахопы беларускай прававой сістэмы.
Упершыню быў прадстаўлены і англамоўны варыянт кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” (“The Dead Penalty in Belarus”), дапоўнены новымі публікацыямі і даследваннямі, якім найбольш цікавіліся замежныя госці Кангрэсу.
Асобнікі кніг былі перададзеныя ў Беларускую Скарынаўскую бібліятэку ў Лондане, у Канаду, Польшу, Расію ды іншыя краіны.
Журналісты Паліна Сцепаненка і Сяргей Сыс, а таксама Любоў Кавалёва, маці пакаранага смерцю па справе аб выбуху ў мінскім метро Уладзіслава Кавалёва адказвалі на шматлікія пытанні, прыводзілі пераканаўчыя аргументы за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Удзел праваабаронцаў у канференцыі быў падтрыманы Хельсінкскім Фондам па правах чалавека (Польшча).