ЕС: Чарговы прысуд супярэчыць заяўленай Беларуссю гатоўнасці разгледзець увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне

Смяротнае пакаранне з'яўляецца бесчалавечным, яго роля як факта стрымлівання не даказаная, але яно робіць судовыя памылкі незваротнымі. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, распаўсюджанай 5 кастрычніка прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі.

Заява зробленая ў сувязі з прынятым 4 кастрычніка рашэннем Вярхоўнага суда Беларусі пакінуць у сіле смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву, паведамляе БелаПАН.

"Гэта чацвёрты выпадак пацверджання Вярхоўным судом Беларусі смяротных прысудаў у 2016 годзе, — гаворыцца ў заяве. — Акрамя таго, у красавіку быў пакараны Сяргей Іваноў, і сёлета былі вынесеныя яшчэ два смяротныя прысуды. Еўрапейскі саюз зноў падкрэслівае сваё рашучае непрыманне вышэйшай меры пакарання".

У заяве адзначаецца, што працяг прымянення смяротнага пакарання супярэчыць заяўленай Беларуссю гатоўнасці разгледзець магчымасць увядзення мараторыя на яго. "Гэтае абавязацельства было таксама ўзятае Беларусь у адказ на рэкамендацыі, зробленыя Саветам ААН па правах чалавека ў межах Універсальнага перыядычнага агляду, — гаворыцца ў заяве. — Беларусі — адзінай у Еўропе краіне, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне, варта ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне у якасці першага кроку да яго адмены".

Як раней паведамляў БелаПАН, Вярхоўны суд 4 кастрычніка пакінуў без змены смяротны прысуд 34-гадоваму гамяльчаніну Сяргею Вострыкаву. Ён прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзвюх жанчын, а таксама ў згвалтаванні і выкраданні. Справа слухалася ў закрытым рэжыме.

19 мая Гомельскі абласны суд прыгаварыў Вострыкава да расстрэлу. Адвакат і абвінавачаны звярнуліся з апеляцыяй ў Вярхоўны суд. 4 кастрычніка было прынятае рашэнне пакінуць прысуд без змянення, а скаргу — без задавальнення.

Згодна з матэрыяламі справы, першае забойства Вострыкаў здзейсніў у ліпені 2014 года. Яго ахвярай была 24-гадовая калега. Мужчыну дапытвалі, але тады ён падазрэнняў не выклікаў.

У маі 2015 года знікла яшчэ адна калега Вострыкава — 27-гадовая жанчына. Дзякуючы камерам відэаназірання ўдалося ўстанавіць, на якой машыне ехала ахвяра.

У абвінавачанні адзначана, што Вострыкаў падманам завабліваў у аўтамабіль сваіх калегаў, адвозіў іх у гараж, дзе гвалтаваў і забіваў. Целы жанчын вывозіў у лес і закопваў. Увесь гэты час ён быў у цвярозым стане. Экспертыза прызнала яго ў стане свядомасці.

Мужчына прызнаны вінаватым у згвалтаванні (чч. 1, 2 арт. 166 КК), гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару (ч. 2 арт. 167 КК), выкраданні чалавека (ч. 1 арт. 182 КК), крадзяжы (чч. 1, 2 арт. 205 КК) і жорсткім забойстве дзвюх жанчын (пп. 6, 8, 16 ч. 2 арт. 139 КК).

Праваахоўнікі адзначалі, што гамяльчанін не адразу прызнаў віну.

Пра асобу абвінавачанага вядома, што ён быў адлічаны з каледжа за непаспяховасць. У 2007 годзе асуджаны за рабаванне, быў умоўна-датэрмінова вызвалены з калоніі праз паўтара года. Судзімасць пагашаная ў 2012 годзе. На момант здзяйснення забойства быў жанаты, выхоўваў трохгадовае дзіця.

У Вострыкава ёсць права звярнуцца з просьбай аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы. Аднак вядомы толькі адзін выпадак, калі Аляксандр Лукашэнка памілаваў асуджанага да расстрэлу. З 1991 года ў Беларусі да вышэйшай меры пакарання было прыгаворана больш за 400 чалавек.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне. Зараз у "калідоры смерці" выканання прысуду акрамя Вострыкава чакаюць яшчэ два чалавекі: жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі, які прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі, і жыхар Мінскага раёна Сяргей Хмялеўскі, прызнаны вінаватым у забойстве трох суседзяў.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны