Савет Еўропы: Рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі пакінуць у сіле смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву засмучае

Рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі пакінуць у сіле смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву засмучае, гаворыцца ў распаўсюджанай 5 кастрычніка заяве Савета Еўропы.

"Смерць — гэта не правасуддзе. Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага захаду да яе адмены будзе азначаць сапраўдную прыхільнасць да еўрапейскіх каштоўнасцяў", — цытуе заяву БелаПАН.

У Савеце Еўропы нагадваюць, што выказвалі шкадаванне з нагоды смяротнага прысуду Вострыкаву 25 мая, неўзабаве пасля яго вынясення.

Як раней паведамляў БелаПАН, сёння з аналагічнай заявай ад імя ЕС выступіў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

Нагадаем, Вярхоўны суд 4 кастрычніка пакінуў без змены смяротны прысуд 34-гадоваму гамяльчаніну Сяргею Вострыкаву. Ён прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзвюх жанчын, а таксама ў згвалтаванні і выкраданні. Справа слухалася ў закрытым рэжыме.

У Вострыкава ёсць права звярнуцца з просьбай аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы. Аднак вядомы толькі адзін выпадак, калі Аляксандр Лукашэнка памілаваў прыгаворанага да расстрэлу. З 1991 года ў Беларусі да вышэйшай меры пакарання было прыгаворана больш за 400 чалавек.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. Зараз у "калідоры смерці" выканання прысуду акрамя Вострыкава чакаюць яшчэ два чалавекі: жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі, які прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі, і жыхар Мінскага раёна Сяргей Хмялеўскі, прызнаны вінаватым у забойстве трох суседзяў.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны