Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі: АЭС, палітвязні, смяротнае пакаранне
Як паведамляе Еўрарадыё, 24 лістапада Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. За дакумент прагаласалі 468 дэпутатаў, супраць — 21, устрымаліся — 93.
Еўрапарламент лічыць, што намаганні Беларусі па адстойванню дэмакратычных каштоўнасцяў з'яўляюцца "недастатковымі" — у нашай краіне з'яўляюцца новыя палітзняволеныя. Таксама еўрадэпутаты заклапочаныя, што ў нашай краіне існуе смяротнае пакаранне. Еўрапарламент заклікае Беларусь далучыцца да глабальнага мараторыю на выкананне смяротнага пакарання ў якасці першага кроку на шляху да пастаяннай яго адмены. Таксама ў дакуменце ўтрымліваецца заклік да міжнароднага кантроля за будаўніцтвам АЭС у Астравецкім раёне, паколькі там "не вырашаныя праблемы бяспекі".
У рэзалюцыі адзначаецца, што з 1994 года ў Беларусі не было свабодных і справядлівых выбараў. А спробы дамагчыся прагрэсу падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015-га і парламенцкіх выбараў 2016 года аказаліся "недастатковымі". З 2000 года ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнай палітычнай партыі. У рэзалюцыі згадваецца, што ключавыя сектары беларускай эканомікі дагэтуль знаходзяцца пад кантролем дзяржавы.
Выбары
Дэпутаты Еўрапарламента адзначаюць, што беларускія назіральнікі (“Праваабаронцы за свабодныя выбары” і “Права на выбар-2016”) раскрытыкавалі апошнія выбары, паколькі яны не адпавядаюць шэрагу ключавых міжнародных стандартаў і не з’яўляюцца праўдзівым адлюстраваннем волі беларускіх грамадзян. Яны “сабралі канкрэтныя доказы масавых агульнанацыянальных захадаў па завышэнні яўкі на працягу пяці дзён датэрміновага галасавання (6-10 верасня 2016 г.) і ў дзень выбараў (11 верасня 2016 г.)”, — гаворыцца ў Рэзалюцыі.
Еўрапейскі парламент “адзначае, што ў новаабраным парламенце будзе адна прадстаўніца апазіцыйнай партыі і адна прадстаўніца няўрадавага сектару; лічыць іх, тым не менш, прыкладам палітычнага прызначэння, а не вынікам абрання, адзначае, што разгляд будучых заканадаўчых ініцыятываў гэтых дзвюх парламентарыяў будзе служыць лакмусавай паперкай палітычных намераў уладаў, якія стаялі за рашэннем аб іх прызначэнні”.
Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады “неадкладна аднавіць працу па ўсёабдымнай рэформе выбарчай сістэмы ў рамках больш шырокага працэсу дэмакратызацыі і ў супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі; падкрэслівае неабходнасць ўчаснай імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ/АБСЕ да мясцовых выбараў у сакавіку 2018 г. і іх назірання нацыянальнымі і міжнароднымі назіральнікамі; падкрэслівае, што гэта з'яўляецца галоўнай умовай для дасягнення жаданага прагрэсу ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю”.
НДА
Еўрадэпутаты заклікаюць беларускі ўрад “неадкладна адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне за арганізацыю і ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, а таксама забяспечыць паўнавартаснае, свабоднае і бесперашкоднае легальнае функцыянаванне грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый; звяртае ўвагу Камісіі, у прыватнасці, на тое, што ў цяперашні час у выніку прымянення артыкула 193-1 і іншых абмежавальных захадаў, існуе больш за 150 беларускіх НДА, зарэгістраваных у Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах”.
Смяротнае пакаранне
Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, якая да гэтага часу захоўвае смяротнае пакаранне, "далучыцца да глабальнага мараторыю на прымяненне смяротнага пакарання ў якасці першага кроку на шляху да поўнай яго адмены". У 2016 годзе Вярхоўны суд пакінуў у сіле чатыры смяротныя прысуды, адзначаюць яны.
Еўрадэпутаты паабяцалі падтрымліваць прадэмакратычныя памкненні беларускага народу. Яны заклікалі кіраўніцтва ЕС узмацніць дапамогу беларускім дэмакратычным арганізацыям у Беларусі і ў замежжы.