Прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Івана Куляша

Іван Кулеш у Вярхоўным судзе. Фота: spring96.org
Іван Кулеш у Вярхоўным судзе. Фота: spring96.org

Як паведаміў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда, прыведзены ў выкананне прысуд да смяротнага пакарання ў дачыненні да жыхара Лідскага раёна Івана Куляша. Аб гэтым праваабаронцу стала вядома ад сваякоў растралянага.

Мяркуемая дата прывядзення смяротнага прысуда - 5 лістапада. Дакладная дата будзе вядома пасля атрымання сваякамі пасведчання аб смерці.

Нагадаем, 20 лістапада 2015 года Гарадзенскі абласны суд пад старшынствам суддзі Анатоля Зайца вынес смяротны прысуд Івану Куляшу.

Ён быў прызнаны вінаватым у трох забойствах, крадзяжы, рабаванні і спробе яшчэ аднаго забойства. Змякчальнымі фактамі былі прызнаныя наяўнасць малалетняга дзіцяці ў Івана Кулеша, яго асабістае прызнанне ў здзяйсненні злачынстваў і яўка з павіннай. Да абцяжарвальных фактараў былі залічаны п’яны стан Куляша ў час злачынстваў і яго ранейшыя злачынствы. Некаторыя нестыкоўкі паказанняў падсуднага з матэрыяламі следства былі аднесены да таго, што ў момант здзяйснення злачынства Кулеш быў п’яны і злачынствы адбыліся досыць даўно. Дарэчы, шмат пытанняў па гэтай справе застаецца і ў журналістаў. 

У ходзе разгляду ў апеляцыйным парадку скаргі калегіяй Вярхоўнага суда 29 сакавіка 2016 года Іван Кулеш казаў, што цалкам згодзен з вынесеным яму прысудам, паколькі пазбавіў чалавека жыцця. Прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта асуджаны не падаваў.

28-гадовы Іван Кулеш – выхаванец дзіцячага дому, жыў без сям’і, скончыў усяго 9 класаў школы. У 18 год быў асуджаны першы раз за крадзёж. У 2014-м годзе яго абвінавачвалі ў непраўдзівым даносе і крадзяжы. Іван Кулеш афіцыйна нідзе не працаваў. Зарабляў зборам грыбоў і ягад ды іншымі часовымі падзаробкамі. Жыў у вёсцы Сялец Лідскага раёну, хоць быў прапісаны ў Баранавіцкім раёне. Меў непаўнагадовае дзіця.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны