Асуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Вострыкава наведаў адвакат
5 снежня адвакат наведаў асуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Вострыкава. Ён жывы і па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА-1 у Мінску.
У апошнія дні лістапада праваабаронцам стала вядома аб прывядзенні ў выкананне трох смяротных прысудаў. 5 лістапада былі расстраляныя Іван Кулеш, Генадзь Якавіцкі і Сяргей Хмялеўскі, і амаль месяц гэты факт ўлады хавалі ад сваякоў і грамадскасці.
Лёс Сяргея Вострыкава да сённяшняга дня быў невядомы. Па наяўнай у праваабаронцаў інфармацыі - ён апошні на дадзены момант, хто застаўся ў камеры смяротнікаў у Беларусі.
Нагадаем, Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтра 19 траўня 2016 года. Сяргей Вострыкаў быў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтавання і забойства. Вярхоўны суд пакінуў смяротны прысуд у сіле.
Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю па справе Сяргея Вострыкава.