Эксперты ў другі раз не знайшлі экстрэмізму ў кнізе “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”
Днямі гісторык Уладзімір Валодзін атрымаў адказ з Ашмянскай мытні, ў якім паведамляецца, што экспертыза не знайшла прыкметаў экстрэмізму ў інфармацыйных прадуктах – кнізе “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” і дыску з дакументальным фільмам “Дысідэнт”.
“Мяне ўвогуле здзівіла, чаму гэтыя прадукты былі ўзятыя ў мяне на экспертызу, таму што кнігу раней ужо правярала тая ж Ашмянская мытня і прызнакаў экстрэмізму ў ёй не было выяўлена. І я мяркую, што ў межах адной мытні можна было ўжо ўзгадніць спіс тых інфармацыйных выданняў, якія з’яўляюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі, а якія – не, - распавядае Уладзімір Валодзін. – Мяне трымалі на мяжы каля трох гадзінаў, і я лічу, што за гэты час можна было праглядзець 15-хвілінны фільм пра беларускага дысідэнта Міхася Кукабаку і пераканацца ў тым, што змест дыска адпавядае таму, што напісана на вокладцы”.
Гісторык незадаволены практыкай беларускай дзяржавы, калі любыя кнігі цікавяць мытнікаў, а кожны, хто праязжае з імі праз мяжу, нібыта спрабуе пасеяць у краіне нейкую варожасць ці падарваць аснову беларускай дзяржаўнасці.
"Я планую атрымаць назад гэтыя інфаматэрыялы, а таксама мне хочацца азнаёміцца і з высновамі экспертаў, каб у будучым людзі, якія будуць вазіць праз беларускую мытню гэту самую кнігу і дыск, маглі аргументава давесці мытнікам, што іх бессэнсоўна канфіскоўваць і адпраўляць зноў на экспертызу", - падкрэсліў Уладзімір Валодзін.
Акрамя таго гісторык звяртае ўвагу і на марудлівасць у перасылцы паведамленняў: тыдзень сыйшоў у Ашмянскай мытні, каб атрымаўшы вынікі экспертызы, падрыхтаваць ліст да яго на два абзацы.
Нагадаем, Уладзімір Валодзін вяртаўся ўначы 9 кастрычніка аўтобусам з Літвы, дзе браў удзел у Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Пры перасячэнні мяжы работнікі Ашмянскай мытні звярнулі ўвагу на пакет з кнігамі і часопісамі, якія ён прыдбаў для сябе на кангрэсе. Выклікалі начальніка змены, які прыняў рашэнне накіраваць некаторыя выданні, у прыватнасці кнігу “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, а таксама дыск з дакументальным фільмам “Дысідэнт”, на экспертызу на наяўнасць у іх прыкмет экстрэмізму. Такім вось чынам беларускія мытнікі адрэагавалі на Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.
Цікава, што ў сакавіку 2016 года гарадзенскі эксперты ўжо “шукалі” экстрэмізм у кнізе “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” ды … не знайшлі. Гарадзенскай абласной камісіяй было падрыхтаванае экспертнае заключэнне, з якога вынікае, што прыкметаў праяўлення экстрэмізму ў выданні не знойдзена.
Чытайце па тэме: "Мытня дае дабро”, або Што рабіць, калі даглядаюць на мяжы