Дэпутаты адрэагавалі на заклік праваабаронцаў абмеркаваць ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне
Пасля атрымання звароту ад праваабаронцаў з заклікам правесці парламенцкія слуханні па абмеркаванні магчымасці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім прапанавала разгледзець гэтае пытанне на другой сесіі ніжняй палаты парламента шостага склікання, якая адкрыецца ў пачатку красавіка 2017 года, паведамляюць naviny.by.
«У мяне прапанова разгледзець на другой сесіі Палаты прадстаўнікоў пытанне аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання і да адкрыцця гэтай сесіі, можа быць, правесці парламенцкія слуханні па гэтай тэме», - сказала яна 16 снежня ў Авальнай зале пасля разгляду пытанняў парадку пасяджэння.
«Чаму гэта важна? Па-першае, у нас цяпер разглядаецца пытанне аб увядзенні інстытута па правах чалавека. Па-другое, лічу, што ўвядзенне менавіта мараторыя (мы не кажам аб адмене смяротнага пакарання) павысіць і міжнародны аўтарытэт краіны, і ўзровень нашага органа. Атрымліваецца, што толькі наша краіна прымяняе смяротнае пакаранне ў цэнтры Еўропы», - адзначыла Анісім.
Няўжо беларусы з'яўляюцца «самым крыважэрным народам», а ў краіне «самая крымінагенная абстаноўка», звярнулася яна з пытаннямі да дэпутацкага корпусу. Пры гэтым Анісім нагадала, што ў Расеі, з якой Беларусь знаходзіцца ў Саюзнай дзяржаве, уведзены мараторый на прымяненне смяротнай кары.
«У нас усе гэтыя працэдуры прапісаны ў рэгламенце. Калі ласка, у адпаведнасці з рэгламентам і будзем дзейнічаць», - адрэагаваў на прапанову Анісім старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.
Нагадаем, актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і праваабаронцы 12 снежня накіравалі звароты да ўсіх 110-ці дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з заклікам правесці парламенцкія слуханні па абмеркаванні магчымасці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў нашай краіне. Парламентарыі іх атрымалі.
Пасля гэтага праваабаронцы Андрэй Палуда і Валянцін Стэфановіч упершыню прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі “Адмена смяротнага пакарання і грамадскае меркаванне”, дзе выказалі меркаванне аб неабходнасці ў далейшым праводзіць парламенцкія слуханні з шырокім колам грамадскасці і праваабарончых арганізацый па пытанні адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.
З 28 лістапада па 1 снежня стала вядома пра пакаранне смерцю ў Беларусі траіх асуджаныя да вышэйшай меры пакарання - 28-гадовага Івана Кулеша, 31-гадовага Сяргея Хмялеўскага і 49-гадовага Генадзя Якавіцкага. Праваабаронцы мяркуюць, што ўсе трое былі расстраляныя 5 лістапада.
Новыя пакаранні ў Беларусі асудзілі Міжнародная федэрацыя правоў чалавека, Савет Еўропы і Еўрасаюз.
Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе ўжываюць смяротнае пакаранне. Менавіта па гэтай прычыне яна не ўваходзіць у савет Еўропы (СЕ) - у 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, але ў 1996-м быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму, які захаваў смяротнае пакаранне. Кожны смяротны прысуд у Беларусі традыцыйна асуджаецца інстытутамі СЕ.
За апошнія дваццаць гадоў у Беларусі пакарана больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання за гэты час быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.