Большасць дзяржаваў падтрымалі глабальны мараторый на смяротнае пакаранне. Беларусь устрымалася

FIDH вітае прыняцце рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб увядзенні глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне, якая была ўхваленая пераважнай большасцю галасоў 19 снежня 2016 года.

Рэкордная колькасць дзяржаў (117) прагаласавалі за прыняцце дакумента, 40 прагаласавалі супраць і 31 краіна ўстрымалася, у тым ліку Беларусь.

“Гэтае галасаванне пацвярджае, што пераважная большасць дзяржаваў з усіх рэгіёнаў адданыя ідэі адмены смяротнага пакарання. Гэтае галасаванне з'яўляецца важнай вяхой на шляху да ліквідацыі гэтага жорсткага, зневажальнага і бесчалавечнага абыходжання ва ўсім свеце”, — сказаў прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.

Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН прымаецца раз на два гады пачынаючы з 2007 года і адлюстроўвае ўсё большую падтрымку адмены смяротнай кары. У параўнанні з рэзалюцыяй 2014 года, у сёлетнім дакуменце з’явіліся новыя галасы “за” - ад Гвінеі, Малаві, Намібіі, Саламонавых Астравоў, Шры-Ланкі і Свазілэнда. Зімбабвэ, што галасавала супраць рэзалюцыі ў 2014 годзе, сёлета ўстрымалася.

З іншага боку, дзяржавы, якія падтрымалі рэзалюцыю ў 2014 годзе - Экватарыяльная Гвінея, Нігер, Філіпіны і Сейшэльскія Астравы, сёлета вырашылі ўстрымацца. Бурундзі, Мальдывы і Паўднёвы Судан з'яўляюцца адзінымі дзяржавамі ў свеце, якія змянілі свой голас на “супраць”, ідучы супраць усё большага кансэнсусу адносна таго, што смяротнае пакаранне павінна быць адмененае.

Вынікі галасавання краін-удзельніц ААН па рэзалюцыі аб глабальным мараторыі на смяротную кару 19 снежня 2016. Беларусь устрымалася. Фота: fidh.org
Вынікі галасавання краін-удзельніц ААН па рэзалюцыі аб глабальным мараторыі на смяротную кару 19 снежня 2016. Беларусь устрымалася.Фота: fidh.org

“Нягледзячы на глабальны крок да адмены, некаторыя краіны пашырылі прымяненне смяротнага пакарання цягам апошніх двух гадоў, у прыватнасці, Саудаўская Аравія, Беларусь і шэраг краінаў Азіі. FIDH заклікае астатнія краіны, якія выступаюць супраць рэзалюцыі ГА ААН, далучыцца да большасці дзяржаваў свету ў руху да адмены смяротнай кары”, — сказала намесніца генеральнага сакратара FIDH па смяротным пакаранні Фларанс Беліўе.

Рэзалюцыя ГА ААН мае значную палітычную і маральную вагу, падтрымліваючы намаганні дзяржаваў і грамадзянскай супольнасці ў кірунку адмены смяротнага пакарання.

Рэзалюцыя заклікае ўрады краінаў: выконваць міжнародныя стандарты ў дачыненні да захадаў, якія гарантуюць абарону тых, каму пагражае смяротнае пакаранне; выконваць свае абавязальніцтвы па прадастаўленні консульскай дапамогі замежным грамадзянам, абвінавачаным у злачынствах, якія караюцца смяротнай карай; прадастаўляць адпаведную інфармацыю аб прымяненні смяротнага пакарання; паступова абмяжоўваць прымяненне пакарання смерцю; паважаць абмежаванні на прымяненне смяротнага пакарання ў дачыненні да любога чалавека ва ўзросце да васемнаццацi гадоў на момант здзяйснення меркаванага злачынства, цяжарных жанчынаў і людзей з псіхічнымі або разумовымі разладамі; скараціць пералік злачынстваў, за здзяйсненне якіх можа прызначацца смяротнае пакаранне і ўвесці мараторый на выкананне смяротных прысудаў з мэтай адмены смяротнага пакарання.

FIDH і яе 184 сяброўскія арганізацыі па-ранейшаму выступаюць супраць смяротнага пакарання за ўсе злачынствы і пры любых абставінах і працуюць дзеля яго глабальнай адмены.

FIDH з'яўляецца сябрам-заснавальнікам Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны