Жыхар Мазыра прыгавораны да смяротнага пакарання

Кірыл Казачок. Фота БелаПАН.
Кірыл Казачок. Фота БелаПАН.

Чарговы смяротны прысуд вынесены ў Беларусі. 39-гадовы жыхар Мазыра Кірыл Казачак прызнаны вінаватым у забойстве ўласных дзяцей і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, паведамляе БелаПАН.

Прысуд абвешчаны 28 снежня на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда ў Мазыры. Судовыя слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме.

Забойства 9-гадовай Кіры і 17-гадовага Улада здарылася 31 студзеня 2016 года. Паводле падазрэння ў забойстве быў затрыманы іх бацька, які сам паведаміў у міліцыю пра злачынства.

Пасля забойства Кірыл Казачак прыехаў на здымную кватэру жонкі, дзе яна жыла са старэйшым сынам і сужыцелем, і расказаў ёй аб зробленым. Патэлефанаваў у міліцыю і скінуўся з балкона чацвёртага паверха, але застаўся жывы. Доўгі час абвінавачаны правёў у бальніцы — у яго былі пашкоджанні пазваночніка і ног. Канцэнтрацыя спірту ў крыві мужчыны ў той вечар склала 2,36 праміле.

Паводле звестак экспертызы, абвінавачаны ў момант злачынства мог у поўнай ступені ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Згодна з данымі следства, жыхар Мазыра здзейсніў злачынства з пачуцця помсты сваёй жонцы, выкліканага яе намерам скасаваць з ім паўторны шлюб (раней яны ўжо скасавалі шлюб, а затым паўторна яго заключылі) і жыць асобна. У кастрычніку 2015 года жанчына падала дакументы на скасаванне шлюбу, на момант здзяйснення злачынства пара знаходзілася ў працэсе скасавання шлюбу.

Гэта пяты смяротны прысуд у шэрагу тых, якія былі вынесеныя ці прыведзеныя ў выкананне ў гэтым годзе.

Нагадаем, 5 лістапада 2016 года ў СІЗА МУС №1 г. Мінска ва ўмовах таемнасці былі прыведзеныя ў выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні да грамадзянаў Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны