Лукашэнка пра мараторый на смяротнае пакаранне: Не ўва мне справа, праз людзей пераступіць не магу

Аляксандр Лукашэнка. Фота © Reuters
Аляксандр Лукашэнка. Фота © Reuters

3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх і замежных СМІ ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адмена смяротнай кары або ўвядзенне мараторыя на яе прымяненне залежаць не ад яго, хоць і маглі б станоўча адбіцца на яго іміджы, паведамляе БелаПАН.

"Я не маю права адмяніць смяротнае пакаранне або накласці мараторый на яго правядзенне, - сказаў ён. - У нас прайшоў рэферэндум, я праз людзей пераступіць не магу. Калі б яго не было, я б неяк пра гэта мог падумаць".

Лукашэнка прапаноўвае не спяшацца з прыняццем рашэння па пытанні смяротнага пакарання.

"Я часта кажу еўрапейцам: давайце пачнем з Амерыкі, прымусьце яе да адмены смяротнага пакарання і іншых, у каго вы грошы вялікія бераце. Дык не, не жадаюць. Вось яны - двайныя стандарты", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён узгадаў пра сваю сустрэчу з былым прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным, калі той падпісваў указ аб увядзенні мараторыя "пад ціскам Захаду і атачэння". Паводле Лукашэнкі, цяперашні прэзідэнт Уладзімір Пуцін кажа, што тады было зроблена "глупства, грамадства патрабуе, але не можа сам цяпер адмяніць".

"Можа быць, мы мелі рацыю, што адны апынуліся на гэтым кавалку зямлі (дзе ўжываецца смяротнае пакаранне на тэрыторыі Еўропы. - БелаПАН). Тыя, хто ўвялі мараторый, сёння гатовыя яго адмяніць, але не ведаюць, як гэта зрабіць", - лічыць ён.

"Калі ад мяне патрабуюць ўвесці мараторый, кажу: давайце пераконваць грамадства, разгорнем дыскусію ў парламенце, партыях, грамадскіх арганізацыях. Калі мы потым у грамадства спытаем, распавёўшы сумленна за і супраць, і людзі прагаласуюць большасцю супраць смяротнага пакарання, я ў гэты ж дзень падпішу вынікі рэферэндуму", - сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён "не крыважэрны".

"Калі мне расстрэльныя артыкулы на стол кладуць, я падпісваю ўказ па смяротным пакаранні, вы не ўяўляеце, што са мной робіцца. Я апошні стаўлю подпіс, разумею, што пасля гэтага чалавека ўжо не будзе", - сказаў Лукашэнка.

Беларусь - адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль ужываюць смяротнае пакаранне. Міжнародная супольнасць - Савет Еўропы, Еўрасаюз, АБСЕ, праваабарончыя арганізацыі - неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з далейшай яго адменай.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны