Кірыл Казачок будзе этапаваны ў СІЗА-1 для выканання смяротнага прысуду

Кірыл Казачок. Фота БелаПАН.
Кірыл Казачок. Фота БелаПАН.

Справа жыхара Мазыра Кірыла Казачка, асуджанага да смяротнага пакарання Гомельскім абласным судом 28 снежня 2016 года, не будзе разглядацца ў апеляцыйным парадку судом другой інстанцыі.

Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда пасля сустрэчы з сваякамі асуджанага.

Пасля вынясення прысуду адвакат Кірыла Казачка звярнуўся з апеляцыйнай скаргай у Вярхоўны Суд Беларусі, і Гомельскі абласны суд падрыхтаваў матэрыялы справы для прадастаўлення калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда. Паводле інфармацыі праваабаронцы, разгляд справы Казачка судом другой інстанцыі быў прызначаны на 21 сакавіка бягучага года. Аднак, як стала вядома, асуджаны адмовіўся ад абскарджання і напісаў адпаведную заяву, у звязку з чым справа была знятая з апеляцыйнага разгляду.  

Прысуд, такім чынам, рыхтуецца да прывядзення ў выкананне, і Кірыл Казачок будзе этапаваны з Гомеля ў Мінскае СІЗА №1, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя ў чаканні расстрэлаў.

Тым часам, у межах тэрміновай акцыі праваабарончай арганізацыі Amnesty International з розных еўрапейскіх краінаў, такіх як Францыя, Германія, Швейцарыя, Вялікабрытанія, працягваюць ісці звароты на імя прэзідэнта Беларусі з заклікам “неадкладна замяніць смяротны прысуд Кірылу Казачку і ўсім асуджаным на смерць у Беларусі” і “ўвесці неадкладны мараторый на прывядзенне прысудаў у выкананне з мэтай адмены смяротнага пакарання”. Копіі гэтых зваротаў адрасанты дасылаюць і ў ПЦ “Вясна”.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны