Галоўны праваабаронца ААН: Смяротнае пакаранне ўяўляе сабой катаванне

Зейд Раад аль-Хусэйн, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека. Фота: unmultimedia.org
Зейд Раад аль-Хусэйн, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека. Фота: unmultimedia.org

У ходзе 34-й сесіі Савета ААН па правах человека, 1 сакавіка, адбылася дыскусія, прысвечаная пытанню смяротнага пакарання ў кантэксце таго, што такая мера пакарання з'яўляецца парушэннем абсалютнай забароны на катаванні. Галоўны праваабаронца ААН нагадаў, што яшчэ паўтары стагоддзі таму выбітны пісьменнік Фёдар Дастаеўскі ў сваім рамане "Ідыёт" апісаў невыносныя пакуты чалавека, асуджанага на смерць.

Як паведамляе Цэнтр навінаў ААН, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зейд Раад аль-Хусэйн адзначыў, што некаторыя метады прывядзення смяротных прысудаў у выкананне, а таксама пакуты асуджаных у чаканні пакарання і перажыванні іх сваякоў былі прызнаныя праваабаронцамі як формы катаванняў і нечалавечага абыходжання, забароненых міжнародным правам.

У звязку з гэтым, Зейд Раад аль-Хусэйн нагадаў пра пяты артыкул Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у якім сказана, што «ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткім, бесчалавечным або зневажаючым яго годнасць абыходжанню i пакаранню».

Вярхоўны камісар падкрэсліў, што ў судах шэрагу дзяржаў, у прыватнасці, у Вярхоўным судзе Канады, канстытуцыйных судах Албаніі, Венгрыі, Літвы, Паўднёвай Афрыкі і Украіны было ўстаноўлена, што смяротнае пакаранне з'яўляецца парушэннем забароны на катаванні.

Аналагічныя пастановы і рэкамендацыі выносіліся міжнароднымі праваабарончымі органамі, у тым ліку Камітэтам па правах чалавека ААН. Эксперты адзначалі пакутлівы і балючы характар некаторых відаў пакарання. Да таго ж многія мяркуюць, што само чаканне пакарання смяротнікамі, якое часам доўжыцца шмат гадоў і нават дзесяцігоддзі, таксама ўяўляе сабой катаванне або жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне.

З улікам усіх гэтых довадаў, Спецыяльны дакладчык ААН па катаваннях рэкамендаваў Савету па правах чалавека ААН даручыць правесці прававое даследаванне па гэтым пытанні.

Зейд Раад аль-Хусэйн заклікаў усе дзяржавы адмовіцца ад смяротнага пакарання, нагадаўшы, што памылкі ці недахопы сістэмы правасуддзя ва ўмовах яго прымянення маюць незваротны характар. Ён нагадаў, што яшчэ ў 2007 годзе Генеральная Асамблея ААН заклікала да ўвядзення сусветнага мараторыя на выкананне смяротных прысудаў. За дзесяць гадоў у гэтым напрамку былі дасягнуты прыкметныя поспехі. Сёння амаль тры чвэрці краінаў альбо адмянілі смяротнае пакаранне, альбо ўвялі мараторый на яго прымяненне.

Аднак у тых краінах, дзе такая мера пакарання захоўваецца, колькасць смяротных прысудаў і пакаранняў смерцю працягвае расці. Некаторыя дзяржавы ў апошнія два гады адмовіліся ад мараторыя на выкананне такіх прысудаў.

«Я хачу скарыстацца гэтай магчымасцю і зноў заклікаць усе дзяржавы адмовіцца ад смяротнага пакарання», - заявіў Вярхоўны камісар ААН.

Ён нагадаў, што мукі чалавека, асуджанага на смерць, яшчэ паўтары стагоддзі таму былі апісаныя выбітным пісьменнікам Фёдарам Дастаеўскім у яго рамане "Ідыёт". Ён пісаў: «Бо ж галоўны, самы моцны боль, можа, не ў ранах, а вось, што вось ведаеш пэўна, што вось праз гадзіну, потым праз дзесяць хвілінаў, потым праз паўхвіліны, потым цяпер, вось зараз - душа з цела вылеціць, і што чалавекам ужо больш не будзеш...». А далей у рамане гаворыцца:

«Вось як галаву кладзеш пад самы нож і чуеш, як ён слізне над галавой, вось гэтыя чвэрць секунды за ўсё і страшнейшыя. Ці ведаеце, што гэта не мая фантазія, а што так шмат хто казаў? Я да таго гэтаму веру, што прама вам скажу маё меркаванне. Забіваць за забойства непамерна большае пакаранне, чым самое злачынства», - пісаў Дастаеўскі.

Вярхоўны камісар заявіў, што ёсць мноства прычынаў, з якіх неабходна назаўсёды адмовіцца ад смяротнага пакарання.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны