Першы ў гэтым годзе смяротны прысуд вынесены ў Беларусі Аляксею Міхаленю
Як паведамлялася раней, Гомельскі абласны суд на выязным паседжанні 17 сакавіка вынес смяротнае пакаранне для 32-гадовага жыхара з Нароўлі Гомельскай вобласці.
Як паведаміў ПЦ “Вясна” каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, гэта жыхар Нароўлі, 1984 года нараджэння Аляксей Міхаленя.
Гэта першы смяротны прысуд у Беларусі, вынесены ў 2017 годзе.
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", ён быў абвінавачаны ў забойстве двух чалавек – брата і сястры, якія жылі разам у адным доме, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю (п.1, 6, 16 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу).
Суд таксама пастанавіў спагнаць з Міхалені на карысць пацярпелай кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 50 тысяч рублёў.
Целы пажылых брата і сястры былі знойдзеныя 5 сакавіка 2016 года ў прыватным доме ў Нароўлі. Забітыя пражывалі разам.
Праз некаторы час меркаваны забойца, які пражываў непадалёк, быў затрыманы. Вядома таксама, што мужчына раней быў судзімы за крадзеж, а ў непаўнагадовым узросце - за забойства.
У Аляксея Міхалені ёсць магчымасць абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе і права на памілаванне ад імя прэзідэнта.