Беларусь: першы смяротны прысуд у 2017 годзе

Вочка ў камеры смяротнікаў на Валадарцы
Вочка ў камеры смяротнікаў на Валадарцы

FIDH і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр «Вясна» асуджаюць першы смяротны прысуд, вынесены ў 2017 годзе, і шкадуюць, што беларускія ўлады працягваюць ігнараваць заклікі да таго, каб Еўропа стала свабоднай ад смяротнага пакарання.

17 сакавіка 2017 года 32-гадовы Аляксей Міхаленя быў прысуджаны Гомельскім абласным судом да смяротнага пакарання за два забойствы, учыненыя з асаблівай жорсткасцю. Хоць у Міхалені ёсць права абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе Беларусі, апеляцыйны суд рэдка замяняе смяротныя прысуды, а шанцы на прэзідэнцкае памілаванне з'яўляюцца ілюзорнымі, як гаворыцца ў сумеснай дакладзе FIDH і ПЦ "Вясна" "Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах". Як паказвае даклад, на працягу расследавання і судовага разбіральніцтва самаагавор выкарыстоўваецца абвінавачваннем у якасці асноўнага доказу віны, у той час як права на эфектыўную судовую абарону сістэматычна парушаецца. У цэлым, прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі суправаджаецца сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека на кожным этапе судовага разбіральніцтва і ў перыяд утрымання пад вартай.  

«ААН пацвердзіла парушэнне права на жыццё ў шасці рашэннях, якія тычацца прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі. Прымяненне смяротнага пакарання з'яўляецца знакам непавагі уладаў да міжнародных праваабарончых арганізацыяў і правоў чалавека ў цэлым», - сказала былы прэзідэнт Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання Фларанс Беліўе.

Акрамя таго, прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі ў значнай меры акружана завесай сакрэтнасці. Інфармацыя пра смяротнае пакаранне хаваецца ад насельніцтва, а інфармацыя пра ўтрыманне асуджаных пад вартай і працэдуру прывядзення смяротных прысудаў у выкананне не з'яўляецца агульнадаступнай. Дакладная колькасць асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання і расстраляных у Беларусі, невядомая. Сем'ям асуджаных да смяротнага пакарання не паведамляецца пра дату расстрэлу ні загадзя, ні адразу пасля прывядзення прысуду ў выкананне, цела не выдаецца сваякам, а месца пахавання трымаецца ў сакрэце.

«Асоба Аляксея Міхалені трымалася ў сакрэце да ўчорашняга дня, калі праваабаронцы апублікавалі яго імя. Утойванне асобы не дазваляе нам аказваць юрыдычную дапамогу фігуранту справы і яго сям'і», - сказаў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда.

Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Расстрэлы былі прыпыненыя на час перамоваў па адмене санкцыяў Еўрасаюза супраць беларускіх афіцыйных асобаў і прадпрыемстваў. Аднак пасля адмены санкцый у лютым 2016 года пакаранні смерцю аднавіліся, і да снежня 2016 года іх колькасць дасягнула самага высокага паказчыка з 2008 года: ў 2016 годзе былі таемна пакараныя чацвёра зняволеных.

З'яўляючыся адной з заснавальнікаў Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання, FIDH і яе сяброўская арганізацыя ПЦ "Вясна" настойліва заклікаюць ЕС і іншыя суб'екты выкарыстоўваць усе наяўныя ў іх распараджэнні рычагі, каб пакласці канец смяротнаму пакаранню ў Беларусі.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны