Верш "За Катынь!" – ад сталінскіх растрэлаў да сённяшніх дзён
Малады паэт з Воршы Аляксандр Макарэвіч напісаў верш “За Катынь!” і з дапамогай сяброў запісаў свой відэавыступ на Кабыляцкай гары – месцы масавых расстрэлаў у Воршы ў часы СССР. Галоўны лейтматыў ягонага паэтычнага твора - сталінскія расстрэлы.
Аляксандр Макарэвіч гаворыць:
– Чаму такая тэматыка і чаму па-руску? Першае: мне сорамна за нашых «пераможцаў», тых, якія нават фронту не бачылі. Вы цудоўна разумееце, пра каго я. Нацызм прынёс страшныя беды, і ўзгадайце, як Германія вымольвала дараванне. У дадзеным выпадку мы маем ганьбу. Абвінавачвалі нацыстаў, а самі апынуліся з таго ж цеста. Па-другое, я хачу данесці гэтую думку да тых, хто яшчэ вагаецца ў разуменні масштабаў трагедыі не толькі Катыні, але і наогул крывавай лапы НКВД.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, разважаючы над словамі Аляксандра Макарэвіча, перакідвае масток з часоў сталінскіх рэпрэсій у сённяшні дзень:
“На жаль, змрочная спадчына крывавых сталінскіх гадоў, калі без ваганняў расстрэльваліся тысячы людзей, аж да сённяшніх дзён аказвае ўплыў на жыццё нашага грамадства, на менталітэт сучасніка. А Беларусь, якая захавала шмат чаго з свайго камуністычнага мінулага, дагэтуль не можа адмовіцца ад ганебнай практыкі выкарыстання такога віду пакарання, як расстрэл. І вельмі добра, калі маладыя людзі пачынаюць задумвацца пра гэта і выказваць сваю пазіцыю”.