Спецдакладчыкі ПАСЕ: Адмена смяротнага пакарання ў Беларусі — пытанне палітычнай волі

Cпецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні
Cпецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні

Адмена смяротнага пакарання ў Беларусі — пытанне палітычнай волі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве спецдакладчыкаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па адмене смяротнага пакарання Іва Круштана і па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, паведамляе БелаПАН.

У сваёй заяве яны асудзілі два новыя смяротныя прысуды, вынесеныя ў Беларусі.

"Прыйшоў час гэта спыніць, — гаворыцца ў заяве. — Парламенцкая асамблея зноў і зноў пацвярджае сваё абсалютнае непрыняцце смяротнага пакарання, якое разглядае як акт катаванняў і бесчалавечнага абыходжання, што зневажае годнасць, і, бясспрэчна, як самае сур'ёзнае з усіх парушэнняў правоў чалавека".

Спецдакладчыкі падкрэсліваюць, што барацьба за адмену смяротнага пакарання "няўмольная і скончыцца толькі тады, калі смяротнае пакаранне будзе адмененае раз і назаўсёды на кантыненце і ў іншых частках свету".

"Мы яшчэ раз заклікаем беларускія ўлады далучыцца да еўрапейскай сям'і абаліцыяністаў, увёўшы ў тэрміновым парадку мараторый на смяротную кару. Нішто ў Канстытуцыі або заканадаўстве Беларусі не перашкаджае прэзідэнту Лукашэнку ці парламенту зрабіць гэты крок", — гаворыцца ў заяве.

21 ліпеня з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі выступілі генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд і прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч.

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня прыcудзіў да смяротнага пакарання двух з чатырох фігурантаў справы "чорных рыэлтараў" — Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога. Яшчэ два фігуранты асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення: Таццяна Гершанкова — на 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці; Барыс Калеснікаў — на 22 гады і адзін месяц калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны