Маці асуджанага да сьмяротнага пакараньня заявіла пра пагрозы сыну
Маці асуджанага да сьмяротнага пакараньня па справе «чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова заявіла пра пагрозы сыну і зьбіваньнях яго падчас знаходжаньня пад вартай.
Як паведамлялася, 21 ліпеня Магілёўскай аблсуд вынес прысуд фігурантам справы «чорных рыэлтараў». Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Тацьцяна Гершанковы абвінавачваліся ў зьдзяйсьненьні забойстваў і падрыхтоўцы да зьдзяйсьненьня забойстваў, выкраданьні чалавека і падрыхтоўцы да выкраданьня, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або зьнішчэньні дакумэнтаў. Беражной і Гершанкоў прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня, Гершанкова - да 24 гадоў пазбаўленьня волі, Калесьнікаў - да 22 гадоў і аднаго месяца зьняволеньня.
Ігар Гершанкоў ужо падаў скаргу на прысуд у Вярхоўны суд, паведаміла БелаПАН яго маці Людміла Гершанкова. Яна распавяла, што 28 ліпеня яна хадзіла на першае пасьля 2,5 года сьледзтва і суда спатканьне да сына ў турму.
«І ён 28 ліпеня на спатканьні нам сказаў, што 27 чысла прыходзіў чалавек, прадставіўся, што з УУС - Прымачок Анатоль Міхайлавіч. І пачаў пагражаць, што калі што-небудзь лішняе будзе распавядаць, то яго бацькам і сваякам будзе вельмі дрэнна. А чаму пагражаў, паняцьця ня маю», - распавяла маці асуджанага.
Яна таксама паведаміла, што, па словах сына, яго зьбівалі і прымушалі падпісаць прызнальныя паказаньні.
«Тое, у чым ён вінаваты, ён сам прызнаўся. А навошта прымушаць прызнавацца ў тым, у чым не вінаваты? Я яго не абараняю, але лічу, што павінна быць справядлівасьць», - заявіла Людміла Гершанкова. Паводле яе слоў, у лістах сын «пісаў хітра, што яго ня б'юць у турме». «Значыць, б'юць дзесьці ў іншым месцы», - робіць выснову жанчына.
«Што ён заслужыў, то і атрымаў, але навошта ж зьдзекавацца так над чалавекам і пагражаць. Цяпер я баюся за сваё жыцьцё», - адзначыла Гершанкова.
Яна паведаміла, што накіравала заявы пра пагрозы ў розныя інстанцыі, у прыватнасьці ў Генэральную пракуратуру, МУС, дэпартамэнт выкананьня пакараньняў.
Апэратыўна атрымаць камэнтар у УУС Магілёўскага аблвыканкама адносна сьцьвярджэньняў маці асуджанага на сьмерць Ігара Гершанкова пакуль не ўдалося.