На канферэнцыі АБСЕ абмяркоўваюць праблему смяротнага пакарання. Беларусь – у цэнтры ўвагі (відэа)

Праваабаронца Андрэй Палуда і дачка расстралянага Генадзя Якавіцкага Аляксандра
Праваабаронца Андрэй Палуда і дачка расстралянага Генадзя Якавіцкага Аляксандра

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі FIDH і Amnesty International уздымаюць праблему смяротнага пакарання падчас Нарады па чалавечым вымярэнні АБСЕ. У тэматычных мерапрыемствах бяруць удзел праваабаронцы з Беларусі - адной з дзвюх краінаў рэгіёна АБСЕ, дзе выконваюцца смяротныя прысуды.  

Чарговы дзень Нарады па чалавечым вымярэнні АБСЕ 19 верасня распачаўся паралельным мерапрыемствам “Сакрэтнасць прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі”, якое правялі FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека) і Праваабарончы цэнтр “Вясна” з удзелам Аляксандры Якавіцкай, дачкі расстралянага ў 2016 годзе Генадзя Якавіцкага. Сярод наведнікаў мерапрыемства былі намеснік дырэктара Amnesty International па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Дзяніс Крывашэеў, прадстаўнікі амбасадаў еўрапейскіх краінаў і амбасады Беларусі ў Варшаве.  

“Мала хто па-за межамі Беларусі, але таксама і ўнутры краіны ведае, напрыклад, што ўлады наўмысна хаваюць інфармацыю пра смяротнае пакаранне, пра смяротныя прысуды і расстрэлы. Што асуджаныя на смерць утрымліваюцца ва ўмовах, раўназначных катаванням, што яны ізаляваныя ад грамадскасці, але таксама вельмі часта і ад сваіх адвакатаў і сем'яў. Мала хто ведае пра пакуты іх сваякоў і пра тое, што парушаецца іх права ведаць пра факт расстрэлу праз тое, што ім не паведамляюць пра выкананне прысуду як напярэдадні, так і адразу пасля расстрэлу”, - адзначыла прадстаўніца FIDH Юлія Уанон на пачатку сайд-івенту.

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якую ПЦ “Вясна” праводзіць з 2009 года, у сваім выступе адзначыў, што ўсе гэтыя гады на ўсіх пляцоўках актывісты кампаніі нагадваюць адно і тое ж: “Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне”, і гэта, на жаль, не таўталогія, а нашая рэчаіснасць. Праваабаронца нагадаў прысутным, што за час незалежнасці Беларусі было прыведзена ў выкананне каля 400 смяротных прысудаў, і падкрэсліў, што нават наконт гэтай лічбы няма дакладных звестак, паколькі пытанне смяротнага пакарання ў краіне знаходзіцца за сур’ёзнай заслонай сакрэтнасці.

Праваабаронца таксама казаў пра праблемы, звязаныя з рэалізацыяй правоў асуджаных да смяротнага пакарання на міжнародным узроўні: паколькі беларуская дзяржава працягвае палітыку ігнаравання сваіх абавязальніцтваў па міжнародных дамовах у галіне правоў чалавека, то ў такой сітуацыі складана разлічваць на эфектыўнасць рашэнняў і тэрміновых мераў абароны Камітэта па правах чалавека ААН. Так адбылося, у прыватнасці, у справе Генадзя Якавіцкага: Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў яго скаргу і па тэрміновай працэдуры звярнуўся да ўраду Беларусі з просьбай не прыводзіць прысуд у выкананне да разгляду скаргі, аднак улады ўсё роўна расстралялі асуджанага. Аляксандра Якавіцкая распавяла асабістую гісторыю – пра пакуты людзей, для якіх асуджаны да смерці з’яўляецца не абстрактнай фігурай, а родным чалавекам.

Кіраўнік ПЦ

Пра ўмовы, у якіх утрымліваюцца асуджаныя да смяротнага пакарання ў мінскім СІЗА №1, распавёў кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі. Падчас зняволення ў 2011 годзе праваабаронца-палітвязень утрымліваўся на “Валадарцы” і мае асабістае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў калідоры смяротнікаў.

Цягам дня ў межах асноўнай праграмы Нарады па чалавечым вымярэнні адбудуцца пленарныя паседжанні па праблемах справядлівасці суда і смяротнага пакарання ў свеце, на якіх прадстаўнікі FIDH і Amnesty International таксама будуць казаць пра адпаведныя аспекты гэтага віду пакарання ў Беларусі.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны