Анонс Тыдня супраць смяротнага пакарання
З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі пройдзе традыцыйны тыдзень супраць смяротнага пакарання. Асноўнае пасланне інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў, якія будуць ладзіцца ў Мінску і рэгіянальных гарадах, - “Смяротнае пакаранне – гэта мінулае”.
Праваабаронцы прапануюць шырэй паглядзець на смяротнае пакаранне і задумацца над тым, на якія страты яно выракае грамадства.
Фатаздымак, змешчаны на афішы Тыдня, быў зроблены ў красавіку 2017 года ў месцы масавых расстрэлаў каля вёскі Хайсы, што пад Віцебскам. Пры Сталіне там былі расстраляныя тысячы людзей, аднак сённяшнія ўлады адмаўляюцца прызнаваць злачынствы камунізму і сцвярджаюць, што гэта ахвяры Другой сусветнай вайны. У той жа час вядома, што ў краіне, дзе існуе смяротнае пакаранне, яно можа выкарыстоўвацца супраць палітычных апанентаў улады, што і адбывалася падчас масавых рэпрэсій у СССР. 2017 год у пэўным сэнсе юбілейны: мінула 100 гадоў ад дня рэвалюцыі, якая прывяла да масавых пакаранняў, і 80 гадоў прайшло пасля 1937-га – піку масавых расстрэлаў у СССР. І сёлетнія здымкі чарапоў з кулявой адтулінай – рэха тых часоў, напамін пра незваротныя страты, які церпіць грамадства ад таталітарных рэжымаў і смяротнага пакарання.
У межах Тыдня актывісты і прыхільнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” зладзяць шэраг тэматычных мерапрыемстваў у Мінску і рэгіёнах краіны.
Анонс Тыдня супраць смяротнага пакарання
5 кастрычніка
Баранавічы. Прагляд і абмеркаванне мастацкага фільма “Жыццё Дэвіда Гейла” (2003 г., рэжысёр Алан Паркер) у Кінаклубе "Крытычнае мысленне". Пачатак у 18:30.
Гомель. Прагляд і абмеркаванне мастацкага фільма “Сальвадор” (2006 г., рэжысёр Мануэль Уэргі) у Арт-прасторы "Каўчэг" (пр-т Перамогі, 2а). Пачатак у 18:30.
6 кастрычніка
Мінск. Публічная дыскусія “Смяротнае пакаранне: за ці супраць” з удзелам прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча. Адукацыйная прастора .PUNKT (вул. Кастрычніцкая, 23а, 2-гі паверх). Пачатак у 18:30.
Аршанскі раён. Наведванне з актывістамі Аршаншчыны месца массавых расстрэлаў на Кабыляцкай гары і расстрэльнага лесу па Магілёўскай шашы. Сустрэча ў 16:00.
Дыскусія "Масавыя рэпрэсіі і смяротнае пакаранне" і прэзентацыя дакументальнага фільма "Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі" (рэжысёр Віктар Трацякоў) з удзелам каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуды. Месца правядзення - аграсядзіба ў вёсцы Стаўры. Пачатак у 18:00.
7 кастрычніка
Брэст. Канцэрт “Рок за жыццё”. Клуб “Фантазія” (вул. Сікорскага, 76). Пачатак у 18:00.
8 кастрычніка
Мінск. Канцэрт “Рок за жыццё”. Клуб RE:PUBLIC (вул. Прытыцкага, 62/5, ст.м. “Кунцаўшчына”). Пачатак у 17:30.
9 кастрычніка
Мінск. Прэзентацыя інтэрактыўнага сацыяльнага комікса “Мама, гэта я...” з удзелам каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуды і адмыслоўцаў па стварэнні коміксаў. Галерэя TUT.BY (пр-т Дзяржынскага, 57, 9-ы паверх; ст.м. Міхалова, БЦ Omega Tower). Пачатак у 18:30.
10 кастрычніка
Мінск. Прагляд і абмеркаванне мастацкага фільма “Сальвадор” (2006 г., рэжысёр Мануэль Уэргі) з удзелам праваабаронцаў "Вясны" Андрэя Палуды і Насты Лойка. Адукацыйная прастора .PUNKT (вул. Кастрычніцкая, 23а, 2 паверх). Пачатак у 18:30.
Цягам дня праваабаронцы і актывісты правядуць на вуліцах сталіцы і рэгіянальных гарадоў інфармацыйныя акцыі з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання.
У Страсбургу адбудзецца канферэнцыя Савета Еўропы “Вяртанне да смяротнага пакарання ў Еўропе: рэальная пагроза або папулісцкая фікцыя?”, у працы якой возьмуць удзел праваабаронцы Валянцін Стэфановіч (ПЦ “Вясна”) і Алег Гулак (БХК). Адкрыццё канферэнцыі ў 09:00 па мясцовым часе.
ПЦ "Вясна" прапануе ўсім жадаючым далучацца да Тыдня супраць смяротнага пакарання сваімі мерапрыемствамі і падтрымліваць нашыя - як наведваннем, так і ў сацыяльных сетках праз выкарыстанне хэштэгаў #DeathPenalty #AbolitionNow #Belarus #We4Life2017. Таксама спампоўвайце і раздрукоўвайце афішы Тыдня па спасылцы: http://bit.ly/2xPr91u
Нагадаем, першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання Праваабарончы цэнтр “Вясна” правёў у 2013 годзе ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага бесчалавечнага віду пакарання і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. На жаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.