“Маючы сьмяротнае пакараньне, Беларусь выглядае на нявыхаванага дзікуна”

Праваабаронцы Стэфановіч і Бяляцкі перад акцыяй супраць смяротнага пакарання ў 2010 годзе
Праваабаронцы Стэфановіч і Бяляцкі перад акцыяй супраць смяротнага пакарання ў 2010 годзе

Запіс з турэмнага дзённіка Алеся Бяляцкага да Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання 2011 года. Чаму гэты ліст цэнзура не выпусціла за сцены СІЗА? 

"10.10.2011 г.

Калі ў 2010 годзе былі разстраляныя Андрэй Жук і Васіль Юзэпчук, памятаю, як мяне ахапіла пачуцьцё абурэньня і бязсільля.

Ужо год, як мы, беларускія праваабаронцы, распачалі і праводзілі кампанію супраць сьмяротнага пакараньня. Мы замовілі сацыялагічнае апытваньне, якое дало непаганыя вынікі. Два замеры паказвалі ўстойлівыя лічбы. Амаль палова беларускіх грамадзянаў выказвалася супраць сьмяротнага пакараньня. Калі ўлічыць, што дзяржава ў гэтым пытаньні заўсёды і пасьлядоўна займала агрэсіўную пазіцыю, дык існуючае грамадзкае меркаваньне, якое сфармавалася насуперак афіцыйнай пазіцыі ўладаў, было неблагім.

Некаторыя чыноўнікі высокага ўзроўню таксама пазітыўна выказваліся па гэтым пытаньні. Я маю на ўвазе і старшыню вярхоўнага суду, і некаторых дэпутатаў і, здаецца, генеральнага пракурора. Гэта таксама было добрым знакам. Бо ад нашага запалоханага і страшна заціснутага чынавенства ўвогуле цяжка дабіцца нейкага самастойнага меркаваньня, а тым болей, калі яно яшчэ пярэчыць статус кво.

Аргументы супраць сьмяротнага пакараньня былі розныя. І калі простыя людзі часта спасылаліся на маральныя нормы, на хрысьціянскае разуменьне таемнасьці і сьвятасьці жыцьця, якое дадзенае Богам, дык чыноўнікі наўпрост прыводзілі палітычныя аргументы: трэба ўводзіць мараторы на сьмяротнае пакараньне, бо яго існаваньне перашкаджае Беларусі стаць сьпецыяльна запрошанай у Раду Еўропы. А ў хуткай перспектыве, у выніку рэферэндуму ці адмены сьмяротнага пакараньня, стаць і сябрам Рады Еўропы.

Да такога рашэньня іх падпіхвала таксама і пазіцыя ўсіх нашых краінаў-суседзяў, якія ўсе, нават Расія, ужо даўно ўвялі мараторы ці адмянілі сьмяротнае пакараньне.

У вачах цывілізаванага і нават ня вельмі цывілізаванага сьвету, маючы сьмяротнае пакараньне, Беларусь выглядала на нявыхаванага дзікуна.

Відавочным аргументам супраць сьмяротнага пакараньня зьяўляецца тое, што нідзе ў Еўропе яго ўжо няма. І нават постсавецкія сярэднеазіяцкія сатрапіі, таакія як Узьбекістан і Туркменістан былі вымушаныя адмовіцца ад яго.

Усе гэтыя абставіны стваралі добрыя прадумовы для правядзеньня грамадзянскай кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня.

Падчас кампаніі абязьлічаныя асуджаныя на сьмерць, дзякуючы нашым намаганьням, пераўтварыліся ў жывых людзей. І яшчэ больш безсэнсоўным уявілася гэтае ўзаконенае дзяржаваю забойства.

Але, як высьвятлілася, усе нашыя намаганьні і грамадзкія інтэнцыі ў накірунку забароны сьмяротнага пакараньня, натыкнуліся на палітычнае рашэньне аднаго чалавека. Яму зь нейкіх прычынаў, пра якія можна толькі здагадвацца, было патрэбнае гэтае сьмяротнае пакараньне. Я яшчэ раз пералічу іх.

У свой час пытаньне пра сьмяротнае пакараньне было вынесенае на рэферэндум, гэткім прычапным пытаньнем да іншых, якія дазволілі зьмяніць канстытуцыю і зрабіць ягоную ўладу практычна неабмежаванай. Таму ўвесь блок пытаньняў, які быў у 1996 годзе вынесены на рэферэндум, у ягонай сьвядомасьці зьвязаны непарушна. Таму ён ня можа адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня і чыста па эмацыйных, забабонных матывах.

Яшчэ адзін аргумент, больш рацыянальны, адмена сьмяротнага пакараньня паказала б слабасьць ягонай персанальнай улады і гэта было б адступленьнем ў выніку зьнешняга і ўнутранага ціску. А саступка нават у маленькім у аўтарытарных дзяржавах можа імгненна прывесьці да разбурэньня атмасферы страху у грамадзтве і да радыкальных палітычных зьменаў.

У выніку, мы пачулі катэгарычнае – не. І Жук з Юзэпчуком былі разстраляныя. У знак пратэсту чацьвёра праваабаронцаў выйшлі да адміністрацыі прэзідэнта. Менавіта туды, бо ягоная пазіцыя і была асноўнай прычынай гэтых разстрэлаў.

Суд за акцыю супраць смяротнага пакарання. Сакавік 2010г.
23 сакавіка 2010 г. за акцыю супраць смяротнага пакарання перад адміністрацыяй прэзідэнта Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ірына Тоўсцік былі затрыманыя, а на наступны дзень асуджаныя. Фота: Наша Ніва

Суд за акцыю супраць смяротнага пакарання. Сакавік 2010г.


Нас былі асудзілі, але кампанія супраць сьмяротнага пакараньня працягваецца. Дэмакратычнае грамадзтва ў гэтым пытаньні адзінадушнае. Падчас леташніх (2010 г.) выбараў у прэзідэнты практычна ўсе апытаныя кандыдаты-апаненты дзеючаму прэзідэнту выказаліся супраць сьмяротнага пакараньня.

Седзячы зараз на Валадарцы, дзе ўтрымліваюцца сьмяротнікі, а таксама дзесьці ў лёхах турмы адбываюцца разстрэлы няшчасных, я чую яшчэ адзін істотны аргумент. Сістэма правасуддзя ў Беларусі настолькі недасканалая, залежная і суб’ектыўная, што ані сьледству ані судам няма даверу. У судах вельмі верагодныя памылкі.

Дзіўнай у гэтай сітуацыі выглядае пазіцыя праваслаўнай царквы і каталіцкага касьцёлу. З аднаго боку, на пастаўленае наўпрост пытаньне: як царква і касьцёл ставяцца да сьмяротнага пакараньня, мы атрымліваем адназначнае – супраць. Але гучыць гэты адказ ледзь ня шэптам, упоўголаса і з асьцярожнай аглядкаю на ўлады. У той час як ясная і выразная пазіцыя царквы і касьцёла магла б канчаткова схіліць вагі на карысьць забароны сьмяротнага пакараньня.

Можа гэта прымусіла б таго, хто так ганарыцца народнай падтрымкай і ўвагаю да меркаваньня народу, адступіць".

Фота

Суд за акцыю супраць смяротнага пакарання. Сакавік 2010г.
Суд за акцыю супраць смяротнага пакарання. Сакавік 2010г.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны