У PUNKTце па пунктах абмеркавалі аргументы супраць смяротнага пакарання
У адукацыйнай прасторы PUNKT 6 кастрычніка ўзважвавалі усе “за” і “супраць” смяротнага пакарання ў Беларусі. Публічная дыскусія з удзелам праваабаронцаў “Вясны” адбывалася ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання, які праводзіцца з 5 па 10 кастрычніка.
Накірунак абмеркаванню такой няпростай праблемы, як выкарыстанне выключнай меры пакарання ў выглядзе растрэлу, задаў прагляд фільма рэжысёра Віктара Трацякова “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”.
Адзін са спікераў дыскусіі праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што людзі звычайна не задумваюцца аб тым, што ў Беларусі, у апошняй еўрапейскай краіне, проста ў цэнтры Мінска дагэтуль растрэльваюць злачынцаў, асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Некаторыя ўвогуле мяркуюць, што смяротнага пакарання ў нашай краіне даўно няма: згодна з сацыялагічнымі апытаннямі так лічаць да 9 - 10% грамадзян.
Гэта сведчыць толькі аб тым, што ў грамадстве мае месца недахоп інфармацыі, і недастаткова праводзіцца розных дыскусій і абмеркаванняў гэтай складанай тэмы. Па словах праваабаронцы, кампанія SATIO, якая праводзіла сацыялагічнае даследванне на тэму смяротнага пакарання, прыйшла да высновы, што людзі, якія падтрымліваюць выключную мера пакарання ў выглядзе растрэлу, кіруюцца, у асноўным, наступнымі аргументамі: растрэл – гэта адэкватная адплата за злачынства; у выніку ж пажыццёвага зняволення – дадатковыя выдаткі сродкаў падаткаплацельшчыкаў на ўтрыманне злачынцаў; смяротнае пакаранне носіць стрымліваючы фактар.
Удзельнікі дыскусіі закранулі пытанне аб тым, што пажыццёвае зняволенне – не менш цяжкае пакаранне, пры якім дзяржава не становіцца саўдзельніцай забойства і гэта трэба ўсвядоміць сваякам ахвяраў злачынстваў.
Закрануў Валянцін Стэфановіч і перспектывы адмены смяротнага пакарання ў Беларусі:
"Пры абмеркаванні магчымасці адмены смяротнай кары, ці ўвядзення мараторыю на яго прымяненне, улады ўвесь час любяць спасылацца на рэферэндум, на якім грамадзяне выказаліся за смяротнае пакаранне. Але гэта было даўно, яшчэ тады, калі смяротнаму пакаранню не існавала альтэрнатывы ў выглядзе пажыццёвага зняволення. Час не стаіць на месцы, грамадская думка ўвесь час мяняецца, мяняюцца і настроі людзей. Ды і не патрэбна зараз праводзіць новы рэферэндум па пытанні адмены смяротнай кары. На гэтую тэму ёсць рашэнне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь 2004 года, у якім робіцца выснова, што смяротнае пакаранне носіць часовы характар, і выкарыстоўваецца да яго адмены, што гэта ўсё прапісана ў Канстытуцыі, а таму мяняць яе шляхам рэферэндуму няма патрэбы. Таму суд бачыць два прававыя шляхі, каб яго адмяніць. Першы: указам прэзідэнта уводзіцца мараторый на смяротнае пакаранне; другі: парламент прымае закон аб унясенні зменаў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусі і такім чынам смяротнае пакаранне замяняецца пажыццёвым зняволеннем".
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі падзяліўся з удзельнікамі дыскусіі сваімі асабістымі назіраннямі і думкамі наконт некаторых акалічнасцях утрымання людзей, асуджаных да смяротнай кары. Ён сам некаторы час знаходзіўся ў зняволенні ў следчым ізалятары №1 у Мінску, дзе чакаюць выканання прысуду асуджаныя да пакарання смерцю і мог на ўласныя вочы назіраць за некаторымі момантамі іх амаль нечалавечага ўтрымання.
Свой расповед Алесь Бяляцкі праілюстраваў унікальнымі фотаздымкамі камер смяротнікаў з кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, якую праваабаронцы выдалі некалькі гадоў таму.
Пакаранне смерцю не служыць правасуддзю - адзін з аргументаў супраць расстрэлаў. Досвед многіх краінаў, якія адмовіліся ад смяротнага пакарання, сведчыць аб тым, што небяспечных злачынцаў можна надзейна ізаляваць ад грамадства, не звяртаючыся да пакарання смерцю.
Многія ўдзельнікі дыскусіі найбольш важнымі аргументамі за адмену смяротнага пакарання называлі верагоднасць судовай памылкі, якія здараліся раней і магчымыя заўсёды пры недасканалым правасуддзі, саўдзел дзяржавы і іншых людзей у забойствах злачынцаў, паколькі не дзяржава давала жыццё чалавеку і не ёй яго адбіраць. Выкананне смяротных прысудаў – гэта звычайная помста дзяржавы злачынцу і адзін з доказаў яе бяссілля справіцца са злачыннасцю больш гуманнымі шляхамі.
Нагадаем, першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання Праваабарончы цэнтр “Вясна” правёў у 2013 годзе ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага бесчалавечнага віду пакарання і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. На жаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.