Ці можа Царква выступаць супраць смяротнага пакарання?

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, у якой дазволена забіваць людзей па рашэнні суда. Грамадства расколатае не дзве няроўныя часткі, прычым, большасць смяротнае пакаранне падтрымлівае. Наколькі гэта сучасна, наколькі гэта этычна? Якія аргументы ў прыхільнікаў смяротнага пакарання і яго праціўнікаў?

З нагоды Тыдня супраць смяротнага пакарання Еўрарадыё прыгадвае, як чатыры гады таму ў студыі Еўрарадыё сустрэліся нечаканыя суразмоўцы — сацыёлаг Лідзія Міхеева і протаіерэй Сергій Гардун. Еўрарадыё абмеркавала з імі праблему смяротнага пакарання — погляд грамадства і пазіцыю Царквы.

Еўрарадыё: Траціна беларусаў без сумневаў выказваецца “за” смяротнае пакаранне. Асноўны аргумент, які паўтараюць гэтыя людзі, заключаецца ў тым, што пакаранне смерцю з’яўляецца адэкватнай адплатай за цяжкае злачынства. Наколькі беларусам уласцівая помслівасць?

Лідзія Міхеева: На маю думку, беларусы — не помслівы народ. І глыбокая традыцыя хрысціянства спрыяе міласэрнаму стаўленню да бліжняга. Няма ніякіх культуралагічных, рэлігійных фактараў, якія ўплывалі б на традыцыю помсціць, як гэта ёсць у іншых народаў, што жывуць кланамі, сем’ямі. Апеляцыя да помслівасці — гэта рудымент. Яна не ўкаранёная ў нас псіхалагічна. Хутчэй, гэта такая экзістэнцыяльная апошняя мяжа, якая псіхалагічна ўзнікае ў некаторых людзей.

Еўрарадыё: Права на помсту замацаванае нават у Бібліі, прыгадаць хаця б прынцып “вока за вока”, які паўтараецца і ў Старым, і ў Новым запавеце. Як царква ставіцца да падобнай адэкватнай адплаты?

Сергій Гардун: Вядомыя біблейскія словы: “Вока за вока, зуб за зуб” маюць не той сэнс, які ў іх цяпер укладваюць. Справа ў тым, што ў старажытныя часы прынцып помсты быў неўнармаваны. Не было прынцыпу адэкватнага пакарання. Калі некаму выбілі зуб, пакрыўджаны ў адказ мог выбіць усю сківіцу. І прынцып “вока за вока” быў спробай усталяваць справядлівую помсту. Але калі гэтыя словы цытуюцца ў Новым запавеце, там ёсць такая ідэя: вышэй за прынцып адэкватнага пакарання павінна быць пачуццё міласэрнасці. Гэта тое новае, што з’яўляецца ў Новым запавеце, у хрысціянстве. Мы павінны быць гатовыя прабачыць, і чакаць пакаяння і выпраўлення.

Еўрарадыё: Прынцып адэкватнай помсты культывуецца найперш ва ўсходніх краінах. Тут можна нават назваць яго ўсходнім словам “таліён”. А ўплыў з Усходу на беларусаў усё ж у пэўнай меры быў і застаецца.

Лідзія Міхеева: Я, хутчэй, суадносіла б гэта з псіхалагічнымі афектамі, звязанымі са стратай сваякоў. Я б не капала так глыбока. Я б ведаеце, на які яшчэ аспект звярнула ўвагу. Вось мы кажам пра нізкую інфармаванасць людзей пра праблему смяротнага пакарання.

У Альбера Камю ёсць цікавая праца пра смяротнае пакаранне. І галоўным тэзісам там было тое, што, калі б людзі ведалі, як адбываецца смяротнае пакаранне, калі б яны прысутнічалі там, калі б яны адчулі псіхалогію злачынцы, якога караюць — знайшлі б у сябе сілы разабрацца ў гэтым пытанні — дык прыхільнікаў смяротнага пакарання было б нашмат менш.

Якраз падчас справы Канавалава і Кавалёва, паралельна з інфармацыяй пра суд у СМІ трапіла інфармацыя пра акалічнасці выканання смяротнага пакарання. І шмат хто быў гэтымі акалічнасцямі шакаваны. А таксама тым, што няма нармальнага пахавання, яно з’яўляецца ананімным. Гэта не ўкладаецца ні ў якія межы этыкі, гуманнасці, міласэрнасці. І менавіта гэта шмат каго зачапіла.

Еўрарадыё: Мне вельмі дзіўна было зараз чуць гэтае меркаванне Камю, бо менавіта для Еўрапейскіх народаў у Сярэднявеччы было характэрнае публічнае смяротнае пакаранне. Прыгадайце, як ведзьмакоў спальвалі на гарадскіх плошчах. А ў Францыі яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя было распаўсюджана публічнае гільятынаванне. На іх збіраліся вялікія натоўпы, і людзей зусім не адпужвала гэтае відовішча.

Сергій Гардун: Я сказаў бы, што гэта вельмі даўняя традыцыя. Яшчэ з дахрысціянскіх часоў.

Лідзія Міхеева: Дазвольце мне тады ўдакладніць сваю думку. Мне здаецца, што гэта — той высокі кошт, які еўрапейскія нацыі заплацілі за Асвету. Але ў ХХ стагоддзі рэакцыя еўрапейцаў на фашызм паказала, наколькі яны шакаваныя і наколькі далёка яны адышлі ад сярэднявечных традыцый. Вядома, усё вельмі складана і супярэчліва. Але вы бачыце, што еўрапейскія нацыі прайшлі за гэтыя стагоддзі доўгі шлях развіцця. І хіба цяпер ёсць еўрапейская краіна, акрамя Беларусі, у якой дазволенае смяротнае пакаранне?

Еўрарадыё: Але ў грамадствах, дзе смяротнае пакаранне адмененае ці на яго ўведзены мараторый, людзі часта патрабуюць вярнуцца да яго. Ва Украіне такія меркаванні гучаць кожны раз, калі здараецца жахлівае злачынства.

Лідзія Міхеева: Гэта праблема, хутчэй, юрыдычнага характару. Калі грамадзяне ўпэўненыя, што ў іх краіне існуе справядлівы суд, і што верагоднасць судовай памылкі выключаная, дык нехта з іх можа дапускаць магчымасць смяротнага пакарання.

Але ж мы добра разумеем, што 100% справядлівасці не можа гарантаваць нават самы справядлівы суд. Не важна, еўрапейскі гэта суд ці суд Украіны.

І, я так разумею, нават самі ўкраінцы не вельмі-та давяраюць сваім судам. У гэтым сэнсе іх пазіцыя тым больш парадаксальная. Магчыма, гэта спроба вярнуць самасуд: калі дрэнна працуе судовая сістэма, з’яўляецца ірацыянальнае жаданне спужаць злачынцу смяротным пакараннем. Але, на маю думку, калі ты не давяраеш праваахоўным органам і судам, давяраць ім караць каго-небудзь смерцю абсурдна.

Еўрарадыё: Для беларускага правасуддзя смяротнае пакаранне гэта сёння норма. Айцец Сяргей, а што з гледзішча Царквы?

Сергій Гардун: Для Царквы гэта складаная праблема. Царква ў сваёй пазіцыі кіруецца не эмоцыямі, а перш за ўсё Святым пісаннем. Калі б у Бібліі, у Святым пісанні былі абсалютна ясныя ўказанні на тое, што смяротнага пакарання быць не павінна, Царква адназначна займала б гэтую пазіцыю. І чалавек, які лічыць сябе хрысціянінам, не мог бы нават думаць інакш. Але хрысціянства узнікла 2 тысячы гадоў таму, а краіны, дзе адмененае смяротнае пакаранне, з’явіліся толькі ў ХХ стагоддзі. А грамадства ў XVII, XVIII, XIX стагоддзі было больш хрысціянскім, чым яно з’яўляецца цяпер.

Еўрарадыё: То бок, Царква не можа катэгарычна выступіць супраць смяротнага пакарання?

Сергій Гардун: Для хрысціяніна стаўленне да смяротнага пакарання вельмі падобнае да стаўленя да вайны. Вядома, мы хацелі б, каб не было ніякіх канфліктаў і не было вайны. Вайна — гэта адназначнае зло, бо гэта забойства. Але калі вайна пачынаецца, Царква бласлаўляе на абарону сваёй зямлі і свайго бліжняга. І ў Евангеллі напісана, што няма большай любві, чым калі хто пакладзе душу сваю, жыццё сваё за бліжніх сваіх. Разам з тым, адмена смяротнага пакарання, увядзенне мараторыя вельмі блізкія хрысціянскаму духу. Аднойчы Хрыстос з вучнямі праходзіў праз вёску ў Самары. Жыхары вёскі не захацелі яго слухаць, вельмі рэзка адштурхнулі яго. Вучні абурыліся: “Няхай бы сышоў агонь з неба і спаліў іх!” Але Гасподзь у адказ сказаў ім: “Не ведаеце, якога вы духа”. Хрысціянскі дух іншы! І яшчэ я прывёў бы прыклад з нашай, хрысціянскай гісторыі.

У “Жыцці” князя Уладзіміра, які хрысціў Русь, сказана, што, калі ён прыняў хрысціянства, ён перастаў караць смерцю злачынцаў. Не было смяротных пакаранняў пры ім. Гэта паказваецца як прыклад таго, што ён прасякнуўся хрысціянскім духам

І яшчэ адзін важны момант. Усё-такі мы не павінны адмаўляць магчымасць пакаяння, які б грэшны ні быў чалавек. Калі чалавека неўзабаве пасля прысуду караюць смерцю, гэтую магчымасць адбіраюць. А кожная асоба перад Богам — найдаражэйшая. Калі сыходзіць з духу, сэнсу Евангелля, з вобраза Хрыста, дык трэба сказаць, што ідэя адмены смяротнага пакарання блізкая хрысціянам. Хрысціянскія цэрквы былі б рады, калі б грамадства дайшло да разумення неабходнасці адмены смяротнага пакарання.

Еўрарадыё: Ёсць магчымасць пакаяння. А ёсць магчымасць, што забойца, якому пакінуць жыццё, збяжыць і ўчыніць яшчэ адно забойства. Лідзія, вас, як жанчыну, не непакоіць патэнцыйная небяспека ад злачынцаў, якія сядзяць у турмах?

Лідзія Міхеева: Я хацела б тут казаць не ад імя свайго біялагічнага пола, а ад сябе, як чалавека. Калі ішоў працэс Канавалава і Кавалёва, для ўсёй краіны было не зусім відавочна, што суд і следства былі цалкам справядлівыя. Грамадства раскалолася, але сілы, якая адназначна выступіла б супраць смяротнага пакарання, не знайшлося. Бо гэты выпадак вельмі добра паказваў, што памылкі могуць быць. І трэба крыху больш часу, каб разабрацца.

Еўрарадыё: То бок, не абавязкова, што была дапушчаная памылка. Але яна магла б быць, не было ўпэўненасці.

Лідзія Міхеева: Мы цяпер не можам і не будзем судзіць пра тое, ці была памылка. Але трэба было яшчэ крышачку часу, каб грамадства падштурхнула следства яшчэ крыху папрацаваць. Мяне бянтэжыць яшчэ і тое, што ў нашым грамадстве мы вельмі шмат арыентуемся на так званае “меркаванне большасці”. Але большасць можа не мець рацыі. Як мы памятаем, у 1933 годзе большасць выбрала Гітлера. Большасць можа парадаксальным чынам адказваць на рэферэндумах на пытанні, можа, не вельмі ўдала пастаўленыя. Можа за смяротнае пакаранне прагаласаваць. Мне здаецца, што вельмі важна, каб беларускія інтэлектуалы часцей нагадвалі пра каштоўнасць чалавечага жыцця, чалавечай годнасці. Мне здаецца, нам у меншай ступені варта прыслухоўвацца да традыцый і меркавання большасці. Яно можа змяняцца, ім можна маніпуляваць. А варта інфармаваць, адукоўваць, “падцягваць” людзей да вышэйшых каштоўнасцяў. Вось што мяне турбуе.

Еўрарадыё: А ці зрабіла б адмена смяротнага пакарання беларусаў лепшымі? Можа, яна наадварот развяжа рукі злачынцам і выкліча выбух крыміналу?

Лідзія Міхеева: Тое, што смяротнае пакаранне можа напужаць злачынцу, гэта міф. Крымінальнік, які ідзе на цяжкае злачынства, ці спадзяецца пазбегнуць пакарання, ці ўвогуле пра яго не думае. Гэтых людзей не спыніць нішто. А адмена смяротнага пакарання падарыць жыцці тым, хто, магчыма, асуджаны несправядліва. І гэта будзе аграмадны гуманістычны ўнёсак у беларускае грамадства.

Сергій Гардун: Для мяне застаецца пытаннем, чаму некаторыя краіны не адмяняюць смяротнага пакарання. Напрыклад, Злучаныя Штаты, якія пазіцыянуюць сябе як эталон дэмакратыі. Дык ці зробіць адмена смяротнага пакарання больш дэмакратычным наша грамадства? А каб адказаць на ваша пытанне, трэба параўнаць статыстыку па злачынствах у краінах да і пасля адмены смяротнага пакарання.

Еўрарадыё: Наколькі я памятаю, ва Украіне ніякага рэзкага росту злачыннасці пасля ўвядзення мараторыя не адбылося. Быў нават невялікі спад.

Сергій Гардун: Калі росту злачыннасці не будзе… Усё адно вельмі складана будзе неяк вымераць, ці станем мы лепшымі. Але не будзе рызыкі адабраць жыццё ў невінаватага чалавека.

А па-другое, калі пакараць чалавека смерцю, ён памрэ азлобленым, памрэ са злачынствам у душы. Але ён жа можа перажыць гэта, раскаяцца. І памерці як чалавек, у якім адбылася духоўная перамена.

І тое, што ў чалавека будзе такая магчымасць, гэта вельмі каштоўна. З хрысціянскага гледзішча чалавечая душа мае бязмежную каштоўнасць перад Богам.

Еўрарадыё: А ці гатовыя беларусы да адмены смяротнага пакарання?

Лідзія Міхеева: Трэба рабіць іх больш гатовымі. Чакаць, што гэта адбудзецца само, бесперспектыўна. Якім чынам змяняюцца меркаванні ў грамадстве? Вялікую ролю граюць СМІ, прэцэдэнты, важныя персоны, якія выказваюцца па праблеме. Людзі, якія яшчэ не вызначыліся, могуць хіснуцца ў іншы бок, калі пачуюць нашы аргументы. Людзі яшчэ не гатовыя? Дык можа, Царква і інтэлектуалы дапамогуць ім падрыхтавацца?

Сергій Гардун: Мусіць быць шырокая дыскусія, шырокае абмеркаванне гэтай праблемы. Трэба распавядаць пра гэтыя выпадкі, прыводзіць прыклады афіцыйна прызнаных памылак, бо яны ёсць. У савецкі час людзі былі пакараныя масава. Пасля шмат хто быў рэабілітаваны. Але — пасмяротна, у іх адабралі жыццё… Я згодны з меркаваннем, што большасць не заўжды мае рацыю. Таму важнае асветніцтва. Трэба думаць, як выхоўваць наша грамадства такім, каб патрэбы ў смяротным пакаранні не было. Гэта галоўная задача, якую я бачу і перад інтэлектуаламі, і перад Царквой.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны