Смяротнае пакаранне ў Беларусі: у цэнтры Еўропы працягваюцца таемныя расстрэлы
Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са смяротным пакараннем, які адзначаецца 10 кастрычніка, нашыя арганізацыі нагадваюць, што смяротнае пакаранне па-ранейшаму ўжываецца ў цэнтры Еўропы. Асуджаных на смерць у Беларусі утрымліваюць ва ўмовах, якія ўяўляюць сабой катаванні, ва ўмовах пастаяннага псіхалагічнага ціску, выкліканага нявызначанасцю тэрмінаў выканання прысуду, і забіваюць у атмасферы поўнай сакрэтнасці. FIDH і яе сяброўская арганізацыя Праваабарончы цэнтр "Вясна" звяртаюцца да міжнародных арганізацый з заклікам выкарыстаць усе дыпламатычныя сродкі для адмены смяротнага пакарання ў Беларусі і ператварэння Еўропы ў зону, свабодную ад гэтага антыгуманнага віду пакарання.
У 2016 годзе ў Беларусі былі пакараныя па меншай меры чацвёра асуджаных да смяротнага пакарання, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам з 2008 года. Расстрэлы былі прыпыненыя на час перамоваў з нагоды абмежавальных мераў ЕС супраць беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў. Аднак пасля адмены санкцый у лютым 2016 года пакаранні смерцю аднавіліся. У 2017 годзе адзін чалавек быў пакараны і трое асуджаныя да смяротнага пакарання, у тым ліку двое, чые прысуды на дадзены момант знаходзяцца ў працэсе апеляцыі.
Апублікаваны FIDH і ПЦ "Вясна" год таму даклад «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах» падкрэслівае, што большасць асуджаных на смерць паходзяць з сацыяльна неабароненых слаёў грамадства, што абмяжоўвае іх веданне правоў і доступ да кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі.
Гэта падкрэслівае праблему, прапанаваную Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання ў якасці тэмы сёлетняга сусветнага Дня: сацыяльна і эканамічна ўразлівыя людзі падвяргаюцца большай рызыцы быць асуджанымі да смяротнага пакарання і пакаранымі.
З часу публікацыі дакладу не адбылося ніякіх зменаў у сістэмным характары парушэнняў, якія здзяйсняюцца пры расследаванні злачынстваў, за якія ў Беларусі прадугледжана пакаранне смерцю. Улады па-ранейшаму ўжываюць катаванні і жорсткае абыходжанне для прымусу падазраваных сведчыць супраць сябе без адваката. Пагоршылася сітуацыя з незалежнасцю адвакатаў. У парушэнне міжнародных нормаў вынесеныя Вярхоўным судом смяротныя прысуды не могуць быць абскарджаныя.
Улады Беларусі і, у прыватнасці, прэзідэнт Лукашэнка неаднаразова выказваліся ў падтрымку смяротнага пакарання ў якасці стрымліваючай меры. Аднак, як паведамляецца, колькасць прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання падвоілася з часу правядзення рэферэндуму 1996 года.
«Права на жыццё не з'яўляецца прадметам абмеркавання на плебісцыце. Згодна з Канстытуцыяй Беларусі, пакаранне смерцю можа быць адменена простым прэзідэнцкім указам, які спыніць гэтае незаконнае дзяржаўнае забойства», - сказаў у каментары прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.
FIDH, якая ўваходзіць у склад Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання (WCADP), і ПЦ "Вясна" ізноў выступаюць супраць прымянення смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках і пры ўсіх абставінах.