Брэст: праваабронцы сустрэліся з міжнароднымі экспертамі ў галіне смяротнага пакарання
Экспертная камісія ў галіне смяротнага пакаранння правяла сустрэчу з усімі зацікаўленымі ў Брэсце, паведамляе "Берасцейская Вясна".
У склад камісіі ўваходзілі Парвез Джабар, выканаўчы дырэктар НДА «The Death Penalty Project», Вялікабрытанія; Ана Сафія Грэві, прадстаўнік НДА "Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання", Іспанія; Алесандро Салаконе, прадстаўнік Абшчыны Святога Эгідзія, Італія; Фіёна Гіб, пасол Вялікабрытаніі; Стэфана Б'янкі, пасол Італіі; а таксама Андрэй Навумовіч, Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.
Такія сустрэчы праводзяцца экспертамі ў розных краінах, якія стаяць на шляху адмаўлення ад смяротнага пакарання. Гэтым разам сустрэча адбылася 22 лістапада ў Брэсце і распачалася, па прапанове Андрэя Навумовіча, з пытанняў ад аўдыторыі.
Праваабаронца Раман Кісляк наўпрост запытаў дэпутата, чаму былі выкананыя смяротныя прысуды ў дачыненні да шасці смяротнікаў, якія падалі апеляцыі ў КПЧ ААН.
Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў паспрабаваў ухіліцца ад адказу. Але праваабаронцы ПЦ "Вясна" Уладзімір Малей і Уладзімір Вялічкін ўсё ж запатрабавалі адказа па сутнасці пытання.
Парвез Джабар прывёў статыстыку маскоўскіх даследчыкаў гэтай праблемы: з 1100 апытаных - 62% за смяротнае пакаранне. А.М. Навумовіч займаецца гэтай праблемай.
“Існаванне ў Беларусі смяротнага пакарання залежыць толькі ад грамадзян”, – адзначыў ён. – “А для таго, каб гэты працэс праходзіў хутчэй, каб людзі ўдумліваліся ў пытанне, мы і праводзім такія сустрэчы”
Сваю думку аб смяротным пакаранні выказала Фіона Гіб:
“Заўсёды ёсць надзея, што злачынец пакаецца. Калі не будзе смяротнага пакарання, чалавек пасля пакаяння зможа пажыць хоць бы у турэмных умовах. И неабходна пакінуць шанец на жыццё”.
На дыскусіі было адзначана, што ў Беларусі не выконваецца права на зварот у міжнародныя органы. Бывае такое, што чалавеку вынеслі смяротны прысуд, міжнародныя арганізацыі знаходзяць парушэнні. Але пакуль дойдзе адказ, прысуд ужо прыведзены ў выкананне. П. Джабар паясніў, што рэзалюцыі не з’яўляюцца абавязковымі для выканання, яны нясуць рэкамендацельны характар. Але, канешне, суду варта чакаць іх, каб улічыць усе акалічнасці справы.
Падчас дыскусіі Раман Кісляк таксама ўзняў балючае пытанне:
"Чаму пасля выкання смяротнага прысуду сваяк не расказваюць, дзе пахаваны чалавек? Вось у ЗША, напрыклад, ёсць спецыяльныя месцы, дзе сваякі могуць наведаць магілу злачынцы-нябожчыка, у нас такіх няма. Атрымліваецца, што пакутуюць і блізкія".
Андрэй Навумовіч паясніў, што на агульных могілках не ўсе людзі згодяцца хаваць злачынцаў, і што абмяркуе гэтае пытанне ў камісіі.
Ана Сафія Грэві ўзняла пытанне аб тым, што грамадзянам можа падацца, быццам з адменай смяротнага пакарання, можа вырасці ўзровень правапарушэняў.
“Але ж у Беларусі пакаранне не распаўсюджваецца на жанчын, і для іх гэта не повад станавіцца злачынцамі”, – тлумачыць Грэві.
Таксама прадстаўніца "Міжнароднай камісіі супраць смяротнага пакарання" засяродзіла ўвагу на тым, што важна тое, як мы ставімся да чалавечага жыцця: ці каштоўнасць гэта для нас. Яна адзначыла:
“У адной краіне, дзе яшчэ існуе смяротнае пакаранне, была адчынена вакансія на палача. Ніхто на яе не згадзіўся. Гэты народ разумее каштоўнасць жыцця”.
Падчас сустрэчы дэпутат Андрэй Навумовіч усяляк намагаўся перашкодзіць праваабаронцам і прысутным прадстаўнікам грамадзкасці фармуляваць пытанні, бо Раман Кісляк, Уладзімір Малей, Уладзімір Вялічкін, Андрэй Шарэнда і іншыя цікавіліся надзённымі справамі, задавалі хвалюючыя пытанні. Старшыня ж Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у сваю чаргу ад адказаў ухіляўся.
На пытанне, калі ў Палаце была створана камісія па вырашэнню праблемы аб смяротным пакаранні, аўдыторыя атрымала адказ – у 2010 г. Адразу ж узнікла наступнае пытанне: “Дык што ж было зроблена?” Акрамя сустрэч з грамадзянамі Андрэй Мікалаевіч, на жаль, нічога больш не адзначыў.