Хто пяты ў растрэльным спісе за 2017 год, спадар Калінковіч?

Роба, асуджанага да смяротнага пакарання.
Роба, асуджанага да смяротнага пакарання.

Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч заявіў сёння на прэс-канферэнцыі, што ў 2017 годзе ў Беларусі было вынесена пяць смяротных прысудаў. Аднак у праваабаронцаў узніклі пэўныя сумненні ў дакладнасці прыведзенай лічбы.

Давайце лічыць разам.

1. 17 сакавіка 2017 года Гомельскі абласны суд на выязным паседжанні вынес смяротнае пакаранне 32-гадоваму жыхару з Нароўлі Гомельскай вобласці Аляксею Міхаленю.

2. 21 ліпеня Магілёўскі абласны суд абвясціў прысуд па справе мясцовых жыхароў, якіх абвінавачвалі ў забойстве шасці чалавек і падрыхтоўцы да забойства яшчэ траіх. Галоўны фігурант справы Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны асуджаныя ды вышэйшай меры пакарання — расстрэлу.

3. У верасні 2017 года Віцебскі абласны суд вынес выключную меру пакарання Віктару Лётаву, 1987 года нараджэння за забойства сукамерніка. Злачынства адбылося ў ПК-13 Глыбокае. 

Праваабаронцы “Вясны” звярнуліся па гэтым пытанні за тлумачэннямі да каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды:

– Цяжка адразу зразумець, што канкрэтна меў на ўвазе Валерый Калінковіч, паколькі нам вядома дакладна пра чатыры вынесеныя смяротныя прысуды ў 2017 годзе. Магчыма, суддзя нешта наблытаў і прылічыў сюды Кірылу Казачка, якога Гомельскі абласны суд прысудзіў да смяротнага пакарання 28 снежня 2016 года, але  прысуд на той час яшчэ не ўступіў у законную сілу. А з іншага боку, калі ўлічыць, што ў Беларусі афіцыйна не паведамляецца пра вынесеныя смяротныя прысуды, што такая інфармацыя хаваецца ад грамадскасці па-ранейшаму, то магчыма, як гэта было ў сітуацыі з нядаўна “знойдзеным” у СІЗА №1 Віктарам Летавым, існуе яшчэ нехта, каму быў вынесены расстрэльны вырак у 2017 годзе. 

Праваабаронцы спадзяюцца, што Вярхоўны суд удакладніць агучаную на прэс-канферэнцыі 31 студзеня інфармацыю пра колькасць вынесеных смяротных прысудаў у Беларусі.

Tut.by высветліў, што пяты смяротнік - 40-гадовы Кірыл Казачок, які быў прыгавораны да вышэйшай меры за забойства двух уласных дзяцей. Прысуд быў вынесены 28 снежня 2016-га года, але ўступіў у сілу ўжо ў 2017 годзе.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны