ЕС чакае ад Беларусі неадкладнага ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне
Еўрасаюз чакае ад Беларусі неадкладнага ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены, паведамляе БелаПАН. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч.
"У сувязі з пакараннем смерцю ў Беларусі Кірыла Казачка, ажыццёўленым у кастрычніку 2017 года і даведзеным да ведама грамадскасці толькі цяпер, Еўрапейскі саюз зноў заяўляе аб сваiм рашучым непрыманні вышэйшай меры пакарання пры любых абставінах, — падкрэсліла яна. — Пакаранне смерцю парушае неад'емнае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і з'яўляецца самым жорсткім, бесчалавечным пакараннем, якое прыніжае годнасць".
Напярэдадні з асуджэннем пакарання Казачка выступілі спецдакладчыкі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па адмене смяротнага пакарання Ів Круштан і спецдакладчык ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.
39-гадовы жыхар Мазыра Кірыл Казачок быў прыгавораны да выключнай меры пакарання Гомельскім абласным судом 28 снежня 2016 года. Ён прызнаны вінаватым у забойстве уласных дзяцей — дзевяцігадовай Кіры і 17-гадовага Улада.
Трагедыя здарылася 31 студзеня 2016 года. Пасля забойства Кірыл Казачок прыехаў на здымную кватэру жонкі, дзе яна жыла са старэйшым сынам і сужыцелем, і расказаў ёй аб зробленым. Патэлефанаваў у міліцыю і саскочыў з балкона чацвёртага паверха, але застаўся жывы. Доўгі час абвінавачваны правёў у шпіталі — у яго былі пашкоджанні хрыбетніка і ног. Канцэнтрацыя спірту ў крыві ў мужчыны ў той вечар склала 2,36 праміле. Паводле даных экспертызы, абвінавачваны ў момант злачынства мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.
Згодна са звесткамі следства, жыхар Мазыра ўчыніў злачынства з пачуцця помсты сваёй жонцы, выкліканага яе намерам скасаваць з ім паўторны шлюб (раней яны ўжо разводзіліся, а затым зноў пажаніліся) і жыць асобна. У кастрычніку 2015 года жанчына падала дакументы на развод, на момант учынення злачынства яны былі ў шлюбаразводным працэсе.
Пасля суда маці абвінавачванага назвала прыгавор несправядлівым, заявіўшы журналістам, што сына "прымусілі, давялі да такой ступені". Яна негатыўна выказалася на адрас былой нявесткі, адзначыўшы, што яна "чаго хацела, таго дамаглася". Аднак сам Казачок адмовіўся абскардзіць рашэнне абласнога суда ў Вярхоўным судзе.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty Intrnational выступіла ў абарону Кірыла Казачка і распаўсюдзіла тэрміновы зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.