Міжнародны спікер-тур Amnesty International працягваецца
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда ўдзельнічае ў двухтыднёвым спікер-туры, арганізаваным міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International. Мерапрыемства прымеркавана да прэзентацыі штогадовага дакладу аб стане смяротнага пакарання ў свеце.
Удзельнікі спікер-тура сустракаюцца з палітыкамі, прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ, уплывовымі асобамі ў сферы абароны правоў чалавека ў еўрапейскіх краінах.
Па словах Андрэя Палуды, 12 красавіка ў рамках мерапрыемства адбылася сустрэча з дэпутатам парламента Францыі, віцэ-старшынёй камісіі па замежных справах Мірэллай Клапот.
Таксама Amnesty International арганізаваў сустрэчу ў Міністэрстве замежных спраў Францыі з паслом Французскай рэспублікі па правах чалавека Франсуа Крэкеттам. У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся, у тым ліку, перспектывы адмены смяротнага пакарання ў Беларусі і дзейнасць кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання».
У дыскусіі з палітыкамі прыняла ўдзел Аляксандра Якавіцкая - дачка расстралянага ў 2016 годзе грамадзяніна Беларусі Генадзя Якавіцкага.
«Аляксандра распавяла сваю асабістую гісторыю - пра пакуты людзей, для якіх асуджаныя да смерці з'яўляецца не абстрактнай фігурай, а родным чалавекам», - перадае Андрэй Палуда.
У рамках спікер-тура Amnesty International запланаваны шэраг разнастайных мерапрыемстваў, якія будуць адбывацца не толькі ў Францыі, але і ў іншых краінах.